Паводле іх, гэты посьпех прадэманстраваў слабасьці расейскай арміі і мог прымусіць жыхароў Расеі пераасэнсаваць сваё стаўленьне да вайны ва Ўкраіне.
Апэрацыю, падчас якой украінскім вайскоўцам атрымалася ўзяць пад свой кантроль значныя тэрыторыі ў прымежных раёнах Расеі, кіраўнік МІ-6 Рычард Мур назваў «адважнай і рашучай» і ахарактарызаваў яе як спробу «зьмяніць хаду гульні» і «прынесьці вайну дадому да звычайных расейцаў». Кіраўнік ЦРУ Уільям Бёрнс у прынцыпе пагадзіўся з гэтымі ацэнкамі. Кіраўнікі спэцслужбаў ЗША і Брытаніі — блізкіх саюзьнікаў — выступілі ў Лёндане на мерапрыемстве, арганізаваным газэтай Financial Times. Агенцтвы адзначаюць, што такое сумеснае выступленьне — падзея беспрэцэдэнтная.
Паводле слоў Бёрнса, можна назіраць, што некаторыя людзі ў расейскай эліце пасьля ўкраінскага наступу ў Курскай вобласьці, які стаў нечаканым, «пачалі задавацца пытаньнямі аб тым, куды ўсё рухаецца». Што менавіта за людзі маюцца на ўвазе, кіраўнік ЦРУ не сказаў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што пакуль няма ніякіх сьведчаньняў таго, што ўкраінскае наступленьне змагло неяк пахіснуць пазыцыі расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі назваў апэрацыю на Куршчыне часткай пляну перамогі Ўкраіны і заявіў пра выпрабаваньне балістычнай ракетыЯк Мур, так і Бёрнс, ацаніўшы ўкраінскую апэрацыю як тактычны посьпех, у той жа час не змаглі даць прагноз адносна яе доўгатэрміновых пэрспэктыў, адзначыўшы, што ня ведаюць, як доўга Ўкраіна захоча і зможа ўтрымліваць занятыя тэрыторыі. Агенцтва Bloomberg са спасылкай на эўрапейскіх чыноўнікаў у суботу піша, што на Захадзе растуць асьцярогі адносна таго, ці зможа Ўкраіна замацавацца пад Курскам. У апошнія тыдні прасоўваньне ўкраінскіх войскаў там практычна спынілася, ідуць пазыцыйныя баі. У той жа час Расея наступае на захад ад Данецка.
Бёрнс таксама, не называючы імёнаў, сказаў, што восеньню 2022 года па ўказаньні прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна сустракаўся зь нейкім расейскім прадстаўніком і заявіў яму аб сур’ёзных наступствах, якія мела б магчымае прымяненьне Расеяй ва Ўкраіне тактычнай ядзернай зброі. Па словах кіраўніка ЦРУ, тады ён лічыў, што ёсьць значная рызыка расейскага ядзернага ўдару. Як ён ацэньвае такую рызыку зараз, ён не сказаў, але адзначыў, што ЗША будуць імкнуцца пазьбегнуць эскаляцыі, але і не паддадуцца на шантаж.
У суботу ў Financial Times была апублікаваная калёнка, аўтарамі якой сталі кіраўнікі ЦРУ і МІ-6. Значная частка тэксту прысвечана вайне ў сектары Газа. Кіраўнікі спэцслужбаў заклікалі да больш хуткага спынення агню, адзначыўшы, што для гэтага ў тым ліку Ізраіль павінен пайсьці на кампрамісы. У калёнцы таксама зьмяшчаецца заклік да краін Захаду працягваць падтрымку Ўкраіны. Узгадваецца і пра «безразважную кампанію», якую, як сцвярджаюць Мур і Бёрнс, вядуць расейскія спецслужбы на Захадзе. Апроч іншага, яна ўключае ў сябе спробы арганізоўваць дывэрсіі. Як адзначыў Бёрнс, Расея пры гэтым выкарыстоўвае крымінальныя колы.
Прадстаўнікі Ўкраіны раней заяўлялі, што наступ у Курскай вобласці дасягае сваіх мэт, а Ўкраіна мае намер захоўваць кантроль на занятых ёю расейскіх тэрыторыях да таго часу, пакуль будзе лічыць гэта мэтазгодным. У той жа час у Кіеве прызнаюць, што пакуль расейскае камандаваньне не аслабіла іншыя ўчасткі фронту перакідкай вайскоўцаў у Курскую вобласьць.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін характарызаваў украінскі наступ як «бандыцкую вылазку» і ў цэлым не казаў аб сытуацыі як аб чым-небудзь сур’ёзным, што патрабуе рашучых захадаў, хоць і сказаў, што выбіць украінскіх вайскоўцаў з расейскай тэрыторыі — «сьвяты абавязак».