«Сёньня мы адзначаем Дзень беларускай вайсковай славы — дзень, калі наш народ здабыў адну з найслаўнейшых перамогаў у сваёй гісторыі. У 1514 годзе ў Аршанскай бітве нашыя продкі здолелі на доўгі час спыніць тыя ж самыя захопніцкія амбіцыі Расейскай дзяржавы, зь якімі сучасны свет змагаецца сёньня», гаворыцца ў звароце Ціханоўскай.
Яна адзначае, што «менавіта Аршанская бітва дапамагае памятаць істотную рэч: нават калі сілы няроўныя, дух і праўда на баку тых, хто змагаецца за справядлівасьць. Сёньня, як і тады, Беларусь сутыкаецца з пагрозай страціць незалежнасьць. Але дастаткова пагартаць падручнікі нашай гісторыі, каб упэўніцца: народ заўсёды зможа даць адпор агрэсару, бо цэніць свабоду і ведае, якой цаной яна нам дасталася».
Паводле Ціханоўскай, «памятаць гісторыю неабходна, але ў нас ёсьць і сучасныя героі: сьмелыя мужчыны і жанчыны, якія ваююць на франтах Украіны за свабоду ня толькі гэтай краіны, але і за незалежнасьць нашай Беларусі. Яны працягваюць справу тых, хто адстойваў нашую зямлю пяць стагоддзяў таму — змагаюцца з тым жа агрэсарам, што і нашыя продкі. Мэты ў гэтага агрэсара не зьмяніліся: захапіць нашую зямлю, зьнішчыць нашую мову, культуру і права жыць так, як мы самі хочам. Ён, як і 500 гадоў таму, забівае безабаронных, выпальвае ўсё да асновы... Памятайце: як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку».
- 8 верасьня 1514 году пад Воршай, на рацэ Крапіўне, адбылася найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў, у якой войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага разьбіла войска Масковіі. Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пачатку XVI ст. Перамога ў ёй дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў.
- У Беларусі нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва цяпер адзначае гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.
- Першае сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 году ў Менску зладзіла грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Сьвята таксама адзначылі ў Берасьці, Горадні і іншых гарадах. З таго часу неафіцыйна гэты дзень сьвяткавалі даволі шырока, але дзяржаўнага статусу сьвята так і не набыло.