Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, абгуляўшы амэрыканку Джэсіку Пегулу (7:5, 7:5), узяла тытул на Адкрытым чэмпіянаце ЗША US Open.
З тытулаў «Вялікага шлема» Сабаленка да гэтага брала толькі Australian Open у 2023 і 2024 гадах.
«Трыбуна» цытуе словы Арыны Сабаленкі пасьля перамогі:
— Я памятаю ўсе цяжкія паразы апошніх гадоў. І гэта лёгка сказаць, але нельга здавацца — трэба працягваць марыць і працягвацца працаваць. Калі ты працуеш і ахвяруеш усім дзеля мары, то аднойчы ты яе ўвасобіш. Я вельмі ганаруся сабой. Ніколі так не гавару. Але я вельмі ганаруся. Ганаруся камандай, якая разам са мной пераадолела ўсе цяжкія сітуацыі, каб заваяваць гэтыя цудоўныя трафеі. Іх падтрымка для мяне ўсё. Вы — мая сям’я. Я не магу ўявіць сваё тэніснае і асабістае жыцьцё бяз вас. Я вельмі люблю вас. Я ня часта гэта кажу, але часам кажу — я так вас люблю. Дзякуй за тое, што вы — гэта вы.
Як піша спартовы партал «Трыбуна», «для падпісанткі за рэжым перамога на гэтым турніры стала першай у кар’еры».
Аляксандар Лукашэнка раніцай 8 верасьня павіншаваў Сабаленку, зьвярнуўшыся да яе на «ты»:
«У напружаных паядынках зь лідэрамі сусьветнага рэйтынгу ты праявіла ўсе свае найлепшыя спартовыя якасьці. Дзе б ні праходзілі спаборніцтвы, упэўнены, ты адчуваеш энэргію і гарачую падтрымку родных заўзятараў», — гаворыцца ў віншаваньні, якое цытуе БелТА.
- Арына Сабаленка зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазыцыю, а менавіта за падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі на радзіме і маўчаньне адносна расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.
- Украінскія тэнісісткі пасьля матчаў адмаўляліся ціснуць Сабаленцы руку. Яна ж заяўляла, што супраць вайны, але ні на што паўплываць ня можа. Пазьней Сабаленка заявіла, што цяпер ужо не падтрымлівае дзеяньні Лукашэнкі. Арганізатары «Ралян Гарос» абаранялі Сабаленку ад пытаньняў пра палітыку і вайну. Яна ж сама казала, што ня мае камэнтароў на пытаньні такога парадку і гатовая размаўляць толькі пра тэніс.
- У 2020 годзе Сабаленка пасьля народных пратэстаў супраць дыктатуры на радзіме падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год.
- Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў надзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзіла, абмяжоўваючыся толькі фразамі, што яна «супраць вайны».