Смуга і пах у Гомельскай вобласьці ўзьніклі ў выніку ўзгараньня тарфянікаў і «гаспадарчай дзейнасьці насельніцтва ва ўмовах зацішнага надвор’я і адсутнасьці расьсейваньня ў атмасфэры», заявіла 7 верасьня абласное ўпраўленьне Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
Ведамства са спасылкай на Гомельаблгідрамет сьцьвярджае, што «перавышэньняў гранічна дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у атмасфэры ня выяўлена, усе паказчыкі ў норме», піша «Позірк».
Паведамляецца, што за апошнія суткі ліквідавана пяць лясных пажараў (агульная плошча 7,29 гектара) у Брагінскім, Веткаўскім, Лельчыцкім і Лоеўскім раёнах, адзін тарфяны пажар (0,9 га) у Жлобінскім раёне, а таксама адзінаццаць пажараў травы і кустоў (1,1 га) у Ельскім, Жлобінскім, Лоеўскім, Калінкавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім і Чачэрскім раёнах.
Разам з тым Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы ўвечары 7 верасьня папярэдзіў, што тарфяныя і лясныя пажары ў Беларусі выклікалі пах гару і забруджваньне паветра ў краіне. Людзям з групы рызыкі рэкамэндавана «менш знаходзіцца на вуліцы, зачыняць вокны, часьцей прыбіраць у памяшканьнях і прытрымлівацца ўказаньняў Нацыянальнага цэнтру грамадзкай аховы здароўя».
Агенцтва па ахове навакольнага асяродзьдзя Літвы паведаміла, што забруджваньне паветра ў краіне 7–8 верасьня, паводле зьвестак маніторынгу, будзе падвышаным, канцэнтрацыя цьвёрдых часцінак (PM10) павялічаная ў многіх раёнах.
«Забруджваньне атмасфэрнага паветра абумоўлена ня толькі мясцовымі крыніцамі, але і пераносам забруджваньня з паўднёвага ўсходу. Паводле наяўных зьвестак, у Беларусі гараць лясы і тарфянікі, што можа прыводзіць да зьяўленьня паху гару ў некаторых раёнах Літвы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Згодна з інфармацыяй агенцтва, падвышаная канцэнтрацыя РМ10 зафіксаваная ў шматлікіх гарадах, больш за ўсё ў Вільні, Коўне, Ёнаве (гадзінная канцэнтрацыя — ад 51 да 114 мкг/м3). «Сутачнае гранічнае значэньне PM10 (50 мкг/м3) у гэтых гарадах, верагодна, будзе перавышана ў 1–1,5 раза. Канцэнтрацыя іншых забруджвальных рэчываў знаходзіцца ў рамках нормы», — адзначае ведамства.
Літоўскае агенцтва рэкамэндавала жыхарам краіны зьнізіць любую фізычную актыўнасьць на адкрытым паветры, якая выклікае пачашчанае дыханьне.
Сыноптыкі аб'явілі чырвоны ўзровень небясьпекі на бліжэйшыя чатыры дні — з 7 па 10 верасьня. Прычына — высокія тэмпэратуры і надзвычайная пажарная небясьпека ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, паведамляе Белгідрамет.
Раней МНС Беларусі абвясьціла максымальны ўзровень пажарнай небясьпекі ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях — спачатку на 7–9 верасьня, а потым і на 10 верасьня — і папярэдзіла пра магчымасьць узьнікненьня пажараў у прыродных экасыстэмах.
Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі паведаміла пра поўную забарону наведваньня лясоў у большай частцы рэгіёнаў краіны, толькі ў нязначнай частцы застаўся рэжым «абмежаванага наведваньня».
Лясы ў Магілёўскай і Гомельскай вобласьці цалкам «закрытыя» для наведваньня. Згодна з «картай забаронаў і абмежаваньняў» ведамства, у Берасьцейскай вобласьці толькі ў Пружанскім раёне можна «абмежавана» наведваць лес, у Віцебскай вобласьці — у дзевяці раёнах, у Горадзенскай — у чатырох, у Менскай — у шасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі далі 4,3 млн даляраў на аднаўленьне тарфянікаў. Чаму і колькі трэба аднаўляць