Іран адправіў Расеі балістычныя ракеты блізкага радыюсу дзеяньня. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляюць адразу некалькі заходніх СМІ: газэты The Wall Street Journal, The Times і тэлеканал CNN. У Іране перадачу ракет Расеі адмаўляюць.
Іран адгрузіў Расеі балістычныя ракеты блізкага радыюсу дзеяньня для прымяненьня іх у вайне супраць Украіны, паведаміў тэлеканал CNN, спасылаючыся на «дзьве крыніцы ў выведцы».
The Times са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскай выведцы сьцьвярджае, што 4 верасьня грузавое судна даставіла па Касьпійскім моры 200 іранскіх ракет Fath-360 з далёкасьцю 120 кілямэтраў. Расейскія вайскоўцы пройдуць навучаньне іх выкарыстаньню на палігоне ў Астраханскай вобласьці пры ўдзеле іранскіх інструктараў, піша выданьне.
Пры гэтым прадстаўніцтва Ірану пры ААН у камэнтары CNN заявіла, што краіна не перадавала Расеі ракеты.
У МЗС Украіны заявілі, што калі інфармацыя аб пастаўцы іранскіх ракет Расеі пацьвердзіцца, гэта будзе мець «разбуральныя наступствы» для стасункаў з Іранам.
Раней афіцыйныя крыніцы ў ЗША і іншых краінах Захаду папярэджвалі пра намер Ірану адправіць ракеты ў Расею. Падрыхтоўка да выкананьня ракетнай угоды з Масквой працягвалася каля года, гаворыцца ў публікацыі CNN. Зьвесткі аб адпраўцы ракет па замове Масквы зьявіліся ў тыя дні, калі Расея ўзмацніла абстрэлы ўкраінскіх грамадзянскіх аб’ектаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі прымае дэлегацыю з Ірану. Гэта ўжо трэцяя сустрэча абаронных ведамстваў за 2 тыдні- Пастаўкі ракет арміі Расеі азначаюць істотнае павелічэньне падтрымкі Расеі з боку Тэгерана. Раней Іран ужо пастаўляў расейскім заказчыкам сотні дронаў Shahed, якія Расея прымяняе ў вайне супраць Украіны. Пры тэхнічным садзейнічаньні Ірану ў Расеі вядзецца будаўніцтва вытворчых магутнасьцяў для выпуску іранскіх дронаў, адзначае CNN.
- Расейскія перамовы з Іранам аб закупцы балістычных ракет блізкага радыюсу дзеяньня пачаліся ў верасьні 2023 году. Неўзабаве кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шойгу наведаў Іран, азнаёміўшыся там з ракетным узбраеньнем Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, у прыватнасьці, балістычнымі ракетамі. Тады адбылася першая афіцыйная публічная дэманстрацыя ракет высокапастаўленаму расейскаму прадстаўніку, які афіцыйна прыбыў у Іран пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Украіну.
- На сакавіцкім саміце групы G7 яго ўдзельнікі заявілі, што калі Іран паставіць Расеі ракеты, Захад адкажа «новымі значнымі мерамі супраць Ірану».
- Іран адмаўляе факт пастаўкі Расеі балістычных ракет для вядзеньня вайны ва Ўкраіне.