ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць расейскага газавага праекту ў Арктыцы

Ілюстарцыйнае фота

Дзярждэпартамэнт ЗША увёў новыя санкцыі ў дачыненьні да расейскага праекту Арктык ЗПГ-2.

У адказ на расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны, якая працягваецца, Злучаныя Штаты ўвялі дадатковыя санкцыі супраць тых, хто падтрымлівае ваенныя намаганьні Масквы і спрабуе пашырыць яе глябальны энэргетычны ўплыў. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілера, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Як паведамляецца, Дзяржаўны дэпартамэнт увёў санкцыі супраць дзьвюх арганізацый і двух суднаў, звьязаных са спробамі экспарту звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з санкцыянаванага Злучанымі Штатамі праекту Арктык ЗПГ-2.

Санкцыі закранулі кампаніі Gotik Energy Shipping Co і Plio Energy Cargo Shipping OPC PVT LTD. Гэтыя кампаніі валодаюць і кіруюць танкерам для перавозкі ЗПГ New Energy.

«Судна New Energy выкарыстоўвала незаконныя мэтады суднаходства, уключаючы адключэньне сваёй аўтаматычнай ідэнтыфікацыйнай сістэмы, для атрыманьня грузу з санкцыянаванага ЗША праекту Арктык ЗПГ-2 шляхам перавалкі з судна на судна 25 жніўня 2024 з суднам Pioneer, заблякаваным Злучанымі Штатамі 23 жніўня», — гаворыцца ў заяве.

Санкцыі таксама былі ўведзеныя ў дачыненьні да танкера Mulan, які належыць Plio Energy.

«Урад ЗША працягне апэратыўна і рашуча рэагаваць на спробы рэалізаваць санкцыянаваны праект Арктык ЗПГ-2 або пашырыць энэргетычныя магчымасьці Расеі. Працуючы ў цесным узаемадзеяньні з партнэрамі па G7 і іншымі саюзнікамі, мы застанёмся непахіснымі ў супрацьдзеяньні выкарыстаньню Расеяй сваіх энэргетычных рэсурсаў у палітычных мэтах», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўводзяць санкцыі супраць расейскіх прапагандыстаў, у тым ліку Сіманьян
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговыя беларускія прадпрыемствы трапілі пад санкцыі ЗША