МЗС Літвы выказалася наконт нападаў на беларускія ўстановы у Вільні

Пабітыя шыбы ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільні

4–5 верасьня невядомыя атакавалі тры беларускія ўстановы ў Вільні: Цэнтар беларускай культуры, царкву беларускага праваслаўнага прыходу і прыватны цэнтар уцекачоў зь Беларусі Dapamoga. 5 верасьня Міністэрства замежных спраў Літвы адрэагавала на гэтыя атакі.

«Мы рашуча асуджаем акты вандалізму супраць беларускай супольнасьці, учыненыя па сцэнары КДБ. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці.

Мы цалкам падтрымліваем свабодалюбівых людзей, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь і яе эўрапейскую будучыню», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы ў сацыяльнай сетцы Х.

  • У ноч на 4 верасьня невядомыя стрэлілі з пнэўматычнай зброі ў вакно царквы беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату. У вокнах разьбілі шкло, ніхто не пацярпеў.
  • У тую ж ноч невядомыя разьбілі шыбы ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільні. Абышлося без пацярпелых. Пра здарэньні праінфармавалі літоўскую паліцыю.
  • 5 верасьня стала вядома пра правакацыю каля будынку прыватнага цэнтру ўцекачоў зь Беларусі Dapamoga: невядомыя на літоўскай мове напісалі «Беларускім паразытам тут ня месца». У надпісе ёсьць граматычная памылка, абрысы рукапісных літараў лацінскага альфабэту адрозьніваюцца ад прынятых ў Літве.
  • Прадстаўнікі ўстановаў лічаць, што здарэньні невыпадковыя і, хутчэй за ўсё, гэта «справа рук беларускіх спэцслужбаў», а мэта такіх правакацый — запалохаць беларусаў, якія праз рэпрэсіі ўцяклі з радзімы ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правакацыя каля беларускага шэлтэру ў Вільні. Кіраўніца арганізацыі расказала дэталі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя стралялі з пнэўматычнай зброі па беларускай царкве ў Вільні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У будынку Цэнтру беларускай культуры ў Вільні пабілі шыбы, небясьпекі для наведнікаў няма
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні за дзень атакавалі тры беларускія ўстановы. ФОТА