Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя стралялі з пнэўматычнай зброі па беларускай царкве ў Вільні


Пашкоджаная стрэлам шыба ў будынку беларускай царквы ў Вільні
Пашкоджаная стрэлам шыба ў будынку беларускай царквы ў Вільні

У ноч на 4 верасьня невядомыя стрэлілі з пнэўматычнай зброі ў вакно царквы беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату.

Пра гэта ў Фэйсбуку паведамілі беларускія праваслаўныя сьвятары Георгі Рой і Аляксандар Кухта.

«У вакно нашага храма сёньня ноччу нехта страляў з пнэўматыкі. Разьбілі шкло», — напісаў Аляксандар Кухта і апублікаваў фота пашкоджанай стрэлам шыбы.

Пашкоджаная стрэлам шыба
Пашкоджаная стрэлам шыба

На думку сьвятара, гэта не выпадковасьць, улічваючы яшчэ адзін эпізод 4 верасьня, калі невядомыя пабілі вокны Цэнтру беларускай культуры ў Вільні, а таксама нядаўнія масавыя званкі беларусам Літвы, якія Дэпартамэнт міграцыі краіны ўжо назваў «правакацыяй», і пашкоджаньне крамы беларускіх сувэніраў Kropka у Вільні.

«Галоўная вэрсія, якой прытрымліваецца і беларуская дыяспара ў Літве, і большасьць літоўскага грамадзтва, і якая пацьвярджаецца мноствам ускосных прыкмет — гэта правакацыі беларускага КДБ, якое хоча запалохаць мясцовых беларусаў і пасварыць нас зь літоўцамі. Але як яно насамрэч, разьбіраецца паліцыя», — адзначыў Аляксандар Кухта.

Прадстаўнікі беларускай царквы ў Вільні, паводле яго, напісалі заяву ў паліцыю.

Будынак храму
Будынак храму
Куля ад пнэўматычнай зброі
Куля ад пнэўматычнай зброі

Раніцай 4 верасьня стала вядома, што невядомыя пабілі шыбы ў будынку Цэнтру беларускай культуры ў Вільні. Ніхто не пацярпеў, унутры памяшканьняў аскепкаў няма. Пра здарэньне інфармавалі літоўскую паліцыю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG