МУС Беларусі прапанавала блякаваць «экстрэмісцкі кантэнт» на этапе дасьледчай праверкі

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, архіўнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла з ініцыятывай блякаваць «экстрэмісцкі кантэнт» на стадыі дасьледчай праверкі.

Такая прапанова зьмяшчаецца ў законапраекце «Аб зьмене кодэксаў», які прадугледжвае прывядзеньне асобных палажэньняў Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў у адпаведнасьць з правапрымяняльнай практыкай. Законапраект 5 верасьня абмяркоўвала экспэртная рада пры Савеце Рэспублікі, паведамляе прэс-служба ведамства.

МУС Беларусі прапанавала на этапе дасьледчай праверкі блякаваць або спыняць паслугі электрасувязі ў выпадку, калі будзе ўстаноўлена, што кантэнт «садзейнічае ўчыненьню злачынства».

Гаворка ідзе пра блякаваньне перш за ўсё «экстрэмісцкага» кантэнту, а таксама кантэнту, зьвязанага з распаўсюджваньнем наркотыкаў і інш., удакладніў намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

«На практыцы абраны і прапанаваны прамы шлях, калі орган дазнаньня, які ажыцьцяўляе дасьледчую праверку, выносіць адпаведнае прадстаўленьне са спасылкай на ч. 2 арт. 199 Крымінальнага кодэксу Беларусі і накіроўвае для абавязковага выкананьня прадпрыемству, установе, арганізацыі ці індывідуальнаму прадпрымальніку, якія аказваюць паслугі электрасувязі», — заявіў Генадзь Казакевіч.

Акрамя гэтага, законапраект прапануе

  • пашырыць працэсуальныя паўнамоцтвы органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю,
  • пашырыць паўнамоцтвы пракурораў,
  • устанавіць парадак даваньня санкцыі пракурорам,
  • устанавіць мінімальныя патрабаваньні да зьместу скаргі на дзеяньні і рашэньні органа, які вядзе крымінальны працэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады атрымалі магчымасьць ануляваньня дамэнаў «экстрэмісцкіх» рэсурсаў
  • У Беларусі з 2020 году прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе незалежныя СМІ, а таксама сотні тэлеграм-каналаў, старонак і суполак у сацыяльных сетках, каналаў Youtube і інш. за распаўсюд інфармацыі, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі беларускіх уладаў ці крытыкуе рэжым Лукашэнкі. У «Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», які вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі, пералік такіх матэрыялаў займае ўжо больш за 1230 старонак.