5 верасьня на тэрыторыі вытворцы аўтамабіляў «БелДжы» ў вёсцы Гарэліца Барысаўскага раёну здарыўся пажар, паведамілі ў МНС Беларусі.
Работнікам давялося эвакуаваць аўтамабілі з прадпрыемства.
Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Пацярпелых няма.
«У выніку агнём пашкоджаныя стэляжы, дэталі, прызначаныя для ўтылізацыі (брак), якія складалі на іх, і частка брызэнтавай сьцяны ангара. Прычына пажару высьвятляецца», — паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыўся пажар на заводзе «Магілёўтрансмаш»- Гэта ня першы пажар на беларускіх прадпрыемствах і ў грамадзкіх установах Беларусі за апошнія месяцы. Так учора, 4 верасьня, здарыўся пажар на тэрыторыі заводу «Магілёўтрансмаш» у Магілёве.
- 2 жніўня здарыліся пажары на двух прадпрыемствах Беларусі — на Беларускім мэталюргічным заводзе і на вытворчым унітарным прадпрыемстве Беларускага таварыства глухіх «Метыз». Абышлося без пацярпелых.
- 22 жніўня ў Магілёве эвакуавалі больш за 300 чалавек праз узгараньне ў паліклініцы. Абышлося без пацярпелых.
- 11 чэрвеня здарыўся пажар на Наваполацкім ААТ «Нафтан». Атрымаў апёкі мужчына 1975 году нараджэньня, работнік спэцыялізаванага рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 3 гораду Наваполацку.
- 5 траўня здарыўся пажар на тэрыторыі Старобінскага торфабрыкетнага заводу. Без пацярпелых.
- 14 красавіка ў Смаргоні выратавалі на пажары двух работнікаў аднаго з прадпрыемстваў раённага цэнтру.