Як паведамляе БелТА, экс-намесьніка міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка пакаралі 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Міхаіла Міхадзюка прызналі вінаватым на падставе ч. 3 арт. 430 КК («Атрыманьне хабару»).
Абставінамі, якія зьмякчаюць адказнасьць, у судзе названыя «шчырае раскаяньне, актыўнае садзейнічаньне выяўленьню злачынстваў, яўка з павіннай, кампэнсацыя даходу, атрыманага злачынным шляхам, у тым ліку ўнясеньне на разьліковы рахунак РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі дабрачыннага ўнёску».
Суд прызначыў Міхадзюку пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 6 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1 тыс. базавых велічынь на суму Br40 тыс., а таксама пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.
У сувязі з амністыяй суд пастанавіў вызваліць Міхадзюка ад пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі часткова тэрмінам на год. Тэрмін адбываньня пакараньня лічыцца з дня набыцьця выракам законнай сілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы намесьнік міністра энэргетыкі атрымаў 6 гадоў калёніі. Як у Беларусі судзілі чыноўнікаў, сілавікоў і дэпутатаўПаводле агучанага раней абвінавачаньня, Міхадзюк з 2018 па 29 сьнежня 2023 году некалькі разоў прыняў хабар ад прадстаўніка кампаніі RIKO на агульную суму 35 тысяч эўра. Таксама ён прыняў у Менску хабар у сэрбскіх дынарах «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю». Акрамя гэтага, чыноўніку забясьпечылі паездку на сэрбскі горналыжны курорт.
Працэс над экс-чыноўнікам пачаўся 20 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Менску.
На судзе ён прызнаў сваю віну.
- Міхаіл Міхадзюк працаваў у кіраўніцтве Міністэрства энэргетыкі з 2005 году. На гэтай пасадзе ён быў непасрэдным куратарам працы Беларускай АЭС. За ўвесь час з пачатку эксплюатацыі БелАЭС яе першы энэргаблёк спыняўся некалькі дзясяткаў разоў.
- 28 сьнежня 2023 году ўрад вызваліў 68-гадовага Міхадзюка ад пасады намесьніка міністра энэргетыкі «у сувязі з выхадам у адстаўку».
- Паводле дзяржаўных СМІ, 26 студзеня Сьледчы камітэт завёў супраць экс-чыноўніка крымінальную справу «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў у выбары замежнай кампаніі ў якасьці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцыяў у Беларусі».
- Сёлета 14 чэрвеня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савету Міністраў стала вядома, што Міхадзюк у сьледчым ізалятары. Паводле Лукашэнкі, у межах крымінальных спраў за хабар агулам прыцягнулі да адказнасьці 30 чалавек. Лукашэнка таксама згадаў справу свайго былога памочніка, інспэктара па Віцебскай вобласьці, экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ігара Брыло і першага намесьніка кіраўніка спраў прэзыдэнта Дзьмітрыя Рыбко.