Палітвязьняў, якія выйшлі на волю па памілаваньні Аляксандра Лукашэнкі, выключаюць са сьпісаў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Пра гэта заявіў у эфіры прапагандыста Рыгора Азаронка ад 4 верасьня праўладны «палітоляг» Юры Васкрасенскі, які ўваходзіць у камісію па памілаваньні.
Такую інфармацыю Васкрасенскі агучыў «у адказ» на словы прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці і праваабаронцаў пра тое, што шмат каму з вызваленых палітвязьняў «заставалася адседзець 2-3 месяцы» і яны і так выйшлі б на волю без памілаваньня Лукашэнкі.
«Выхад паводле ўказу прэзыдэнта — гэта ня тое ж самае, што выхад па заканчэньні тэрміну. Ты, як бы, адразу выключаесься са сьпісаў экстрэмістаў, тэрарыстаў. Ты атрымліваеш магчымасьць пачаць жыцьцё з чыстага ліста», — заявіў прапагандыст.
Таксама падчас эфіру Васкрасенскі агучыў прозьвішча яшчэ адной вызваленай 4 верасьня па памілаваньні палітзьняволенай. Паводле яго, на волю выйшла прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна: сваякі забралі яе з калёніі «з хвіліны на хвіліну».
«У яе сур’ёзны быў тэрмін. Тры гады і тры месяцы. Некалькі артыкулаў. У тым ліку 243, нявыплата падаткаў. Ёй сядзець і сядзець яшчэ... Гады два, не менш», — заявіў Васкрасенскі.
Палітзьняволеную Вікторыю Гаўрыліну ў верасьні 2023 году прызналі вінаватай у нясплаце падаткаў, зьліве зьвестак сілавікоў, удзеле ў пляне «Перамога», фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці і асудзілі да 3 гадоў і 3 месяцаў калёніі.
Паводле Васкрасенскага, сёлета ў Беларусі ўжо памілавалі 80 чалавек, асуджаных паводле палітычных артыкулаў. Васкрасенскі сьцьвярджае, што агулам прашэньне аб памілаваньні нібыта напісалі «каля 900 чалавек», але «ня ўсіх іх памілуюць».
Паводле прапагандыста, яшчэ частку палітвязьняў могуць вызваліць па памілаваньні да «Дня народнага адзінства», які ўлады адзначаюць 17 верасьня.
Адзін з найбольш вядомых ранейшых выпадкаў памілаваньня Лукашэнкам — памілаваньне былы рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раман Пратасевіч. 3 траўня 2023 году яго асудзілі да 8 гадоў пазбаўленьня волі, а 22 траўня таго ж году памілавалі ўказам Лукашэнкі. Са сьпісу «экстрэмістаў» Пратасевіча сапраўды выключылі, але не адразу, а амаль праз год — у лютым 2024 году.
Таксама памілаваньне ня вызваліла Пратасевіча ад абавязку пакрыць «шкоду, прычыненую злачынствамі»: яго і двух іншых фігурантаў справы Яна Рудзіка і Сьцяпана Пуцілу (абодва знаходзяцца за мяжой) абавязалі кампэнсаваць «у салідарным парадку» 24,5 млн рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды»: У верасьні магчымыя вызваленьні знакавых палітвязьняў, — прадстаўніца ініцыятывы dissidentby- 4 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». Сярод памілаваных 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць асуджаных — бацькі непаўналетніх і малалетніх дзяцей. Большасьць зь іх былі асуджаныя паводле артыкулаў аб «абразе» і «паклёпе», удакладніў генпракурор Беларусі Андрэй Швед. Праваабаронцы даведаліся, што сярод памілаваных — актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч.
- 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
- 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. Таксама ёсьць пэнсіянэры. Прозьвішчаў памілаваных тады афіцыйна таксама не называлі, сам указ не публікаваўся. Пасьля праваабаронцам сталі вядомыя прозьвішчы некаторых вызваленых вязьняў, сярод іх — Ксенія Луцкіна, Вольга Новікава, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Васіль Берасьнеў, Ірына Санкоўская, Кацярына Леў, Натальля Пятровіч, Тамара Каравай, Сьвятлана Палуэктава, Яўген Чуміла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю праз памілаваньне выйшла актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч