У КДК расказалі, колькі грошай спагналі з выпускнікоў Гомельшчыны і Менску, якія не адпрацавалі разьмеркаваньне

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія выпускнікі

Амаль 200 тысяч рублёў спагналі ў бюджэт з выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў Гомельскай вобласьці і Менску, якія не адпрацавалі абавязковы тэрмін па разьмеркаваньні, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) Беларусі.

Так, КДК Гомельскай вобласьці выявіў у рэгіёне больш за 30 выпускнікоў, якія не адпрацавалі належны тэрмін і не пакрылі ў бюджэт каля 300 тысяч рублёў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку і навучаньне. Прынятыя абласным КДК і ўстановамі адукацыі меры дазволілі спагнаць у бюджэт ужо больш за 120 тысяч рублёў, зварот рэшты грошай «застаецца на кантролі».

Як адзначае ведамства, шэраг ВНУ і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў Гомельскай вобласьці не кантралявалі абавязковую адпрацоўку бюджэтнікаў па разьмеркаваньні і «не забясьпечылі зваротную сувязь з наймальнікамі, да якіх разьмяркоўвалі выпускнікоў».

У Менску ў бюджэт спагналі 76 тысяч рублёў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку выпускнікоў дзьвюх сталічных ВНУ, якія не адпрацавалі тэрмін абавязковай працы па разьмеркаваньні.

Аналягічную працу па пошуку тых, хто не адпрацаваў абавязковае разьмеркаваньне, КДК разам з установамі адукацыі вядзе і ў іншых рэгіёнах Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.

У адпаведнасьці з Кодэксам аб адукацыі Беларусі выпускнікі, якім месца працы прадставілі шляхам разьмеркаваньня або накіраваньня, абавязаныя адпрацаваць: выпускнікі ВНУ — 2 гады, а пры падрыхтоўцы па мэтавым наборы — 5 гадоў, выпускнікі ССНУ — 3 гады. У выпадку неадпрацоўкі яны абавязаныя кампэнсаваць у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку.

  • У канцы жніўня Генпракуратура Беларусі паведамляла пра спагнаньне з пачатку 2024 году 620 тысяч рублёў з выпускнікоў Берасьцейскай вобласьці, якія навучаліся за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў і не адпрацавалі ўстаноўлены законам тэрмін па разьмеркаваньні.
  • 14 жніўня Генпракуратура паведамляла, што за першыя паўгода 2024 году паводле заявы Горадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўнівэрсытэту спагнала з 12 выпускнікоў 240 тысяч рублёў, выдаткаваных на іх навучаньне.
  • Таксама СМІ сёлета пісалі пра асобныя (у тым ліку паказальныя) суды над выпускнікамі, якія не адпрацавалі па разьмеркаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Берасьцейшчыне 65 выпускнікоў сёлета прымусілі плаціць за неадпрацаванае разьмеркаваньне