Пракуратура гораду Мангайм у Нямеччыне прад’явіла абвінавачаньні сужэнцам у справе аб забойстве ўкраінскай уцякачкі і яе маці. Матывам падвойнага забойства было «даўняе нявыкананае жаданьне мець дачку», цытуе заяву пракурораў «Настоящее время».
Як мяркуецца, пара пасябравала зь цяжарнай украінскай уцякачкай і яе маці, а потым забіла іх пасьля нараджэньня дзіцяці, каб выдаць яго за сваё. Паводле вэрсіі пракурораў, ахвярам падчас паходу ў рэстаран перад забойствам падмяшалі сэдатыўныя прэпараты.
Пра забойства двух украінскіх уцякачак у Нямеччыне стала вядома на пачатку сакавіка. Паліцыя знайшла цела 27-гадовай Маргарыты Разаз 12 сакавіка на дамбе на рацэ Райн каля гораду Гакенгайм. 19 сакавіка паліцэйскія вадалазы знайшлі цела яе маці, 51-гадовай Марыны Стэцэнкі, у рыбазаводчым возеры непадалёк ад Бад-Мінгольсгайма.
У Маргарыты ў канцы студзеня нарадзілася дачка Міа, ёй на момант забойства маці было ўсяго пяць тыдняў.
У забойстве ўцякачак абвінавачваюць сямейную пару Іну і Марка. Іне, паводле зьвестак паліцыі, 43 гады, яна ўраджэнка Расеі і працуе на адміністрацыйнай пазыцыі. Яе мужу Марка 44 гады, ён грамадзянін Нямеччыны і працаваў мясьніком. У іх было трое дзяцей, усе хлопчыкі, а таксама тры сабакі. Суседзі апісваюць пару як «узорных» бацькоў, якія добра клапаціліся пра дзяцей, а таксама як ветлівых і прыемных у зносінах людзей.
Як гаворыцца ў абвінаваўчым заключэньні, Іна і Марка вырашылі забіць 27-гадовую Маргарыту і яе 51-гадовую маці Марыну празь некалькі тыдняў пасьля нараджэньня ў Маргарыты дзіцяці. Паводле абвінавачаньня, 6 сакавіка падчас наведваньня рэстарана пара «таемна падсыпала» абедзьвюм жанчынам сэдатыўныя прэпараты. Калі Марыне стала дрэнна, муж і жонка зрабілі выгляд, што вязуць яе ў лякарню. Маргарыту і яе нованароджаную дачку яны завезьлі дадому.
Пасьля гэтага Марка, як мяркуецца, забіў Марыну Стэцэнку на возеры ў Бад-Шонбарнэ, некалькі разоў ударыўшы яе па галаве невядомым прадметам. Пара паведаміла Маргарыце, што ў яе маці здарыўся сардэчны прыступ і яна ў бальніцы. Празь некаторы час Марка забіў і Маргарыту сама меней трыма ўдарамі па галаве і спрабаваў спаліць яе цела. Потым Іна і Марка зьехалі дадому разам з нованароджанай дачкой Маргарыты.
Калегі, якія працавалі з Марка ў мясной краме, расказалі Daily Mail, што за некалькі дзён да забойстваў ён хваліўся, што ў яго нарадзілася дзіця, якое нібы ўсё яшчэ застаецца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі.
Адзін з суседзяў таксама расказаў таблёіду Bild: «У пары трое сыноў, муж сказаў мне ў сьнежні, што ў студзені ў іх народзіцца дзяўчынка. Ён з гонарам паказаў мне ружовую дзіцячую шапачку для дзіцяці. Я быў зьдзіўлены, бо ягоная жонка зусім не выглядала цяжарнай. Але я б ніколі не чакаў такога злачынства».
Цяпер Іна і Марка пад вартай. Ім прад’явілі абвінавачаньні па двух артыкулах аб забойстве ў складзе групы і паводле артыкула аб выкраданьні непаўналетняга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд вынес канчатковае рашэньне ў справе беларускі, якая забіла сваё дзіцяМаргарыце Разаз на момант забойства было 27 гадоў. Яна і яе маці Марына Стэцэнка нарадзіліся ў Палтаўскай вобласьці Ўкраіны, але жылі ў Харкаве. Улетку 2023 году Маргарыта разам з маці зьехала ў Славаччыну. На той момант яна ўжо была цяжарная, але з бацькам дзіцяці не размаўляла. Празь некалькі месяцаў абедзьве жанчыны перабраліся ў Нямеччыну, дзе атрымалі часовую абарону і жылі ў прытулку для ўцекачоў у акрузе Райн-Нэкар. Захаваныя паведамленьні ў групах дапамогі ўцекачам у сацсетках сьведчаць, што Маргарыта шукала ў Нямеччыне радзільню, а таксама тых, хто мог бы ёй дапамагчы ў афармленьні дакумэнтаў на дзіця.
Адна са знаёмых Маргарыты расказала «24 каналу», што тады ўкраінка пазнаёмілася зь сямейнай парай Інай і Марка. Іна адгукнулася на паведамленьне ўкраінкі, пасьля чаго Маргарыта стала рэгулярна размаўляць з парай: яна расказвала знаёмым, што Іна з мужам усюды яе вазілі і дапамагалі з афармленьнем дакумэнтаў, неабходных для атрыманьня дапамогі ў Нямеччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапаноўвалі зарабляць на хворых украінскіх дзецях». У якія пасткі трапляюць беларусы пры працаўладкаваньні за мяжой