Расейскі цэнтар «Дасье» расказаў пра сыноў Пуціна і Кабаевай

Уладзімір Пуцін і Аліна Кабаева. Архіўнае фота

У прэзыдэнта Расеі ёсць два малалетнія сыны, Іван і Ўладзімір. Іхная маці — былая гімнастка Аліна Кабаева. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні цэнтру «Дасье».

Цэнтар «Дасье» паведамляе, што першы сын Уладзіміра Пуціна Іван нарадзіўся ў 2015 годзе, а Ўладзімір — у 2019 годзе. У публічным доступе ёсьць іхныя фатаздымкі, але журналісты ня сталі іх паказваць з этычных меркаваньняў.

Дзеці жывуць па дакумэнтах прыкрыцьця, перамяшчаюцца на прыватных самалётах і яхтах, зьвязаных з Пуціным, пад аховай Фэдэральнай службы аховы, у грамадзкіх месцах не зьяўляюцца і жывуць у прэзыдэнцкіх рэзыдэнцыях, гаворыцца ў расьсьледаваньні. Крыніцай «Дасье», як сьцьвярджаецца, выступіў чалавек, які працуе ў рэзыдэнцыі Пуціна.

«Ён часта бачыць дзяцей кіраўніка дзяржавы, хоць і ня мае зносін зь імі штодня, і пагадзіўся расказаць аб гэтым на ўмовах ананімнасьці», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Дасьледчык Фонду барацьбы з карупцыяй Георгій Албураў пацьвердзіў інфармацыю «Дасье», напісаўшы, што працаваў над аналягічным расьсьледаваньнем, але не паспеў яго выпусьціць.

Журналісты і раней паведамлялі аб тым, што ў Пуціна і Аліны Кабаевай ёсьць дзеці. У прыватнасьці, швайцарская газэта SonntagsZeitung выступала са сьцьвярджэньнем, што ў Пуціна ў 2015 і 2019 гадах нарадзіліся двое сыноў, адзін зь іх — у Швайцарыі. Таксама сьцьвярджалася, што другое дзіця Кабаева нараджала ў Маскве пад назіраннем швайцарскага лекара. «Дасье» пацьвердзіла гэтую інфармацыю. Імёны дзяцей называюцца ўпершыню.

Паводле зьвестак расьсьледаваньня «Дасье», Іван і Ўладзімір жывуць у рэзыдэнцыях Пуціна: у прыватнасьці, на Валдаі спэцыяльна для іх адкрыты навучальны цэнтар. Зь дзецьмі працуюць гувэрнэры, а настаўнікаў для іх шукалі праз сайт агенцтва English Nanny. Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну працадаўцы сталі аддаваць перавагу настаўнікам ангельскай з ПАР, якую расейскія ўлады лічаць «дружалюбнай краінай». Па ўмовах працадаўцы, пэдагогам забаронена пакідаць тэрыторыю рэзыдэнцыі. У аб’яве пазначана, што сям’я «жыве ў ізаляцыі».

Пэдагагічны пэрсанал ня мае зносін з бацькамі дзяцей наўпрост, прымаючы распараджэньні ад памагатых сям’і. Акрамя таго, стрыечная сястра Аліны Кабаевай Аксана Фядзіна мае зносіны з гувэрнэрамі і нянямі, выдаючы сябе за маці хлопчыкаў. Старэйшы сын гуляе ў хакей (часам разам з бацькам) на спэцыяльна пабудаваным катку, аднак Аліна Кабаева назірае за гульнёй непублічна — з ложы, схаванай за непразрыстым шклом. Пры гэтым Іван, як сьцьвярджаецца, удзельнічае ў спаборніцтвах у спартовай гімнастыцы, аднак, дзе праходзяць такія спаборніцтвы, не ўдакладняецца.

З аднагодкамі сыны Пуціна размаўляюць па сьвятах: як правіла, гэта дзеці з блізкага круга Аліны Кабаевай.

Таксама ў расьсьледаваньні гаворыцца аб тым, што настаўнікі сыноў Пуціна атрымліваюць заробак праз клінікі сеткі ММЦ («Мой мэдыцынскі цэнтар», раней СОГАЗ). Расейская служба Радыё Свабода неаднаразова пісала аб гэтай клініцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе, у прыватнасьці, лячылі байцоў з ПВК «Вагнэр», якія атрымалі раненьні ў Сырыі, у Лібіі і на вайне ва Ўкраіне, пад чужым імем да яе быў прыпісаны і заснавальнік ПВК Яўгеній Прыгожын. У гэтай жа клініцы абследуюцца многія сябры і знаёмыя Пуціна.

З 2020 году, як сьцьвярджаецца, кантракт з ММЦ падпісвалі як мінімум 10 настаўнікаў-іншаземцаў. Яны аформленыя як перакладчыкі, «але кожны атрымлівае істотна больш, чым мог бы разьлічваць кваліфікаваны лінгвіст». Сьцьвярджаецца, што сярод меркаваных настаўнікаў дзяцей Пуціна, акрамя грамадзян ПАР, былі і грамадзяне Брытаніі і Новай Зэляндыі.

Камэнтароў Крамля ў расьсьледаваньні няма. Пуцін ніколі публічна не прызнаваў, што ў яго ёсьць сыны. Пры гэтым ён ня раз казаў, што ў ягонай сям’і ёсьць дзеці, зь якімі ён мае зносіны.

Нядаўна ён зазначыў, што малодшыя чальцы яго сям’і вывучаюць кітайскую мову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка Пуціна Кацярына Ціханава зоймецца імпартазамяшчэньнем
  • Уладзімір Пуцін, які ў 2013 годзе разьвёўся зь першай жонкай, ніколі публічна не прызнаваў, што жыве з Алінай Кабаевай.
  • У 2022 годзе Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Кабаевай, якая ўзначальвае «Нацыянальную мэдыягрупу», а таксама супраць яе бабкі Ганны Зачапілінай.
  • У Пуціна ёсьць дзьве дарослыя дачкі ад першага шлюбу. Журналісты высьветлілі, што гаворка ідзе пра Марыю Варанцову і Кацярыну Ціханаву. Сам Пуцін публічна не прызнаваў, але і прама не адмаўляў, што яны ягоныя дочкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пабудаваў для сябе і радні новае „царскае сяло“». У сваякоў Пуціна знайшлі нерухомасьць у Нова-Агарове