Гэтую інфармацыю РБК пацьвердзілі ў прэсавай службе РСПП.
Там таксама паведамілі, што рада створана для абагульненьня пасьпяховых практык замяшчэньня імпартнага абсталяваньня, стварэньня лічбавых сэрвісаў для падтрымкі імпартазамяшчэньня і фармаваньня заканадаўчых ініцыятыў. Узначаліў яе старшыня РСПП Аляксандр Шохін.
Пра тое, што Кацярына Ціханава атрымала прапанову ўвайсьці ў раду, стала вядома ў пачатку ліпеня. Тады ў прэсавай службе «Іннапрактыкі» заявілі РБК, што пакуль яна згоды ня дала.
Агенцтвы Reuters, Bloomberg, а таксама ВВС называлі Кацярыну Ціханаву малодшай дачкой прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Крэмль афіцыйна не пацьвярджаў і не абвяргаў гэтую інфармацыю.
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ЗША, Эўразьвяз, Канада і Японія ўвялі санкцыі супраць Ціханавай і яшчэ адной меркаванай дачкі Пуціна Марыі Варанцовай. Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў у гутарцы з журналістамі, што Крэмль абавязкова адкажа на санкцыі супраць дачок Пуціна і «зробіць гэта так, як палічыць неабходным». Такім чынам, упершыню афіцыйна прызнаўшы сваяцтва Ціханавай і Варанцовай з прэзыдэнтам Пуціным.
Апроч кіраўніцтва «Иннопрактикой», Ціханава таксама зьяўляецца намесьнікам дырэктара Інстытуту матэматычных дасьледаваньняў складаных сыстэм МДУ і кіраўніком Інстытуту пэрспэктыўных дасьледаваньняў праблем штучнага інтэлекту і інтэлектуальных сыстэм МДУ.