Паводле Мінабароны, прадстаўнікі Беларусі прымуць удзел у:
- камандна-штабным вучэньні з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ «Узаемадзеяньне-2024»,
- спэцыяльным вучэньні зь сіламі і сродкамі выведкі «Пошук-2024»,
- вучэньні зь сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня Войскаў (Калектыўных сіл) АДКБ «Эшалён-2024».
Яны пройдуць на палігоне навучальнага цэнтру «Эдэльвэйс».
У склад кантынгенту ўваходзяць вайскоўцы, работнікі МУС, МНС. Кіруе беларускай групоўкай першы намесьнік начальніка Генштабу генэрал-маёр Андрэй Маціевіч, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Ведамства паведамляе, што падчас вучэньняў будуць адпрацоўваць «задачы з укараненьнем новых тактычных прыёмаў і практыкі баявых дзеяньняў».
29 жніўня начальнік Аб’яднанага штабу блёку Андрэй Сердзюкоў анансаваў на брыфінгу правядзеньне сёлета ўвосень трох асноўных сумесных падзей АДКБ. У першай палове верасьня ў Кіргізстане пройдуць згаданыя вучэньні з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня АДКБ «Узаемадзеяньне-2024». У пачатку кастрычніка ў Казахстане плянуюць правесьці манэўры зь міратворчымі сіламі блёку «Непарушнае брацтва – 2024». У сярэдзіне кастрычніка ў Таджыкістане намечана правесьці вучэньні «Рубеж-2024» з падразьдзяленьнямі Калектыўных сіл хуткага разгортваньня Цэнтральнаазіяцкага рэгіёну.
Сплянаваныя мерапрыемствы, заявіў Сердзюкоў, «нацэленыя на абарону на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў – сяброў арганізацыі», «цалкам адпавядаюць міжнародным нормам і не накіраваныя супраць іншых краін». Назіраць за вучэньнямі ў Кіргізстане, паводле яго, запрошаныя прадстаўнікі трэціх краін: Альжыру, Эгіпту, Індыі, Ірану, Кітаю, Манголіі, Пакістану, Саудаўскай Арабіі, Узбэкістану, а таксама сакратарыятаў ААН і ШАС, Выканкаму і Антытэрарыстычнага цэнтру.
Да трох згаданых вучэньняў плянуецца прыцягнуць больш за 5 тыс. чалавек і больш за 900 адзінак узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі.
Арганізацыя Дагавору аб калектыўнай бясьпецы — ваенна-палітычны блёк, мэтамі якога заяўлены «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-членаў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
Улады Армэніі замарозілі ўдзел краіны ў АДКБ і загаварылі аб магчымым выхадзе з блёку. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бязьдзейнасьці падчас карабаскага канфлікту з Азэрбайджанам, а асобных удзельнікаў — у тым, што яны «плянавалі вайну» супраць Армэніі разам з Баку. Акрамя таго, армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга аб згаданым канфлікце на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым ў сярэдзіне траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У АДКБ заявілі, што своечасова выканаюць усе працэдуры пасьля звароту Расеі па вайсковую дапамогу