Адпаведныя даручэньні даў старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Гусакоў, вынікае з фрагмэнту дакумэнту, які апублікаваў у сваім тэлеграм-канале беларускі навуковец-хімік Сяргей Бесараб.
Так, у адным з даручэньняў Гусакова гаворыцца, што ягоныя падначаленыя павінны «падрыхтаваць сьпіс супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на права доступу ў Інтэрнэт». Таксама кіраўнікам арганізацый НАН даручана «вызначыць кола асобаў, якія маюць права выхаду ў сетку Інтэрнэт».
У Акадэміі навук таксама рыхтуюць зьмены для навукоўцаў, якія зьехалі зь Беларусі. Гусакоў даручыў акадэмікам-сакратарам аддзяленьняў навук разам з начальнікам упраўленьня навукова-арганізацыйнай і прававой працы распрацаваць і ўнесьці дапаўненьні ў Статут НАН, якія б прадугледжвалі магчымасьць пазбаўленьня званьняў акадэмікаў і чальцоў-карэспандэнтаў, якія «пастаянна пражываюць за мяжой і (або) вядуць дзейнасьць, накіраваную супраць Рэспублікі Беларусь і Акадэміі навук».
- Пасьля хвалі пратэстаў супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі палітычныя рэпрэсіі закранулі і супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Падчас «аблаваў» у Акадэміі пацярпелі дзясяткі супрацоўнікаў, частку іх затрымалі, на некаторых завялі крымінальныя справы, некаторых пасьля звольнілі.