Кіргізстан робіць больш жорсткімі правілы знаходжаньня ў краіне для грамадзян Беларусі

З 5 верасьня ў Кіргізстане мяняюцца правілы рэгістрацыі грамадзян краін, якія карыстаюцца правам бязьвізавага знаходжаньня, у тым ліку — грамадзян Беларусі, паведаміла Міністэрства лічбавага разьвіцьця Кіргізстану.

Раней грамадзяне бязьвізавых краін, у тым ліку Беларусі, рэгістраваліся ў Кіргізстане на паўгода «з правам далейшага падаўжэньня ў залежнасьці ад мэты знаходжаньня». З 5 верасьня рэгістрацыя або падаўжэньне рэгістрацыі магчымыя толькі на падставе

  • дазволу на жыхарства,
  • пасьведчаньня асобы без грамадзянства,
  • пасьведчаньня «Кайрылман» (выдаецца этнічным кіргізам, якія хочуць перасяліцца ў Кіргізстан),
  • пасьведчаньня «Мекен-карт» (дакумэнт суайчыньніка з замежным грамадзянствам).

«Такім чынам, грамадзяне дзяржаў — чальцоў ЭАЭС (Армэнія, Беларусь, Казахстан, Расея) <...> без афармленьня дакумэнтаў могуць знаходзіцца сумарна да 90 дзён на працягу кожнага 180-дзённага пэрыяду з моманту ўезду ў краіну», — гаворыцца ў паведамленьні.

Па заканчэньні 90 дзён знаходжаньня беларусы, якія не прайшлі рэгістрацыі, будуць абавязаныя выехаць з Кіргізстану і змогуць уехаць паўторна на тэрыторыю краіны праз 90 каляндарных дзён.

Разам з тым для грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Кіргізстану ў прыватных мэтах, прадугледжана афармленьне і выдача часовага дазволу на жыхарства — на год. Яго можна штогод падаўжаць, «але ня звыш 5 гадоў».

У кастрычніку 2023 году ў Кіргізстане адмянілі так званы «візаран» для замежнікаў (у тым ліку беларусаў) — што на практыцы азначае зьдзяйсьненьне кароткатэрміновай паездкі за межы краіны і назад з мэтай «перазапусьціць гадзіньнік» дазволенага тэрміну знаходжаньня ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пачатку вайны беларусы зьвяртаюцца па грамадзянства Малдовы, Кіргізстану і Армэніі. Што пра гэта вядома
  • З 2022 году, калі пачалося поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, сама Ўкраіна і эўрапейскія дзяржавы пачалі ўводзіць розныя абмежаваньні для грамадзян Расеі і Беларусі, некаторыя расейцы і беларусы пачалі шукаць магчымасьці «натуралізавацца» ў іншых краінах. Адной з такіх краін для пераезду для расейцаў і беларусаў стаў Кіргізстан.
  • З 2000 году ў Кіргізстане існавала працэдура спрошчанага атрыманьня грамадзянства для грамадзян Беларусі, Казахстану і Расеі — ім дастаткова даказаць, што на 1991 год яны жылі на тэрыторыі адпаведных савецкіх рэспублік або знаходзіліся ў шлюбе з грамадзянамі, якія жылі на гэтых тэрыторыях і адначасова былі грамадзянамі Савецкага Саюзу.
  • Кіргіскі юрыст, які дапамагае шукальнікам грамадзянства Кіргізстану, у красавіку расказваў Свабодзе, што зь Беларусі ў Кіргізстан пераяжджаюць і цэлымі сем’ямі, але ў параўнаньні з колькасьцю расейцаў «зьява ня мае масавага характару».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскія памежнікі не пусьцілі ў краіну беларуску, якая жыла там год і падтрымала мясцовыя пратэсты ў сацсетках