Затрымалі актывіста беларускай дыяспары Масквы, які пісаў лісты палітвязьням
Мужчына прыехаў з Масквы ў Беларусь, дзе яго затрымалі. На «пакаяльным» відэа, апублікаваным у адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў, мужчына кажа, што ён удзельнік групы «Беларусы Масквы» і што пісаў лісты палітвязьням, «асуджаным за дзеяньні, накіраваныя супраць дзейнай улады ў Беларусі».
У Бярозаўцы затрымалі дырэктарку бара «Столе»
Паводле «Нашай Нівы», затрыманую завуць Дзіяна Бурштыка. Яна шматдзетная маці і дырэктарка гастрабара «Столе» ў Бярозаўцы Лідзкага раёну.
Паведамляецца, што разам зь ёю затрымалі яшчэ некалькі супрацоўнікаў бара.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, прычына затрыманьня — «экстрэмізм».
Чарговае затрыманьне за пратэсты
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра чарговае затрыманьне за пратэсты — гэтым разам у Берасьці.
У публікацыі падкрэсьліваецца, што жонка затрыманага берасьцейца на чацьвёртым месяцы цяжарнасьці.
На «пакаяльным» відэа сілавікоў мужчына кажа, што знаходзіўся падчас пратэстаў на праспэкце Машэрава, зарэгістраваўся ў чат-боце «Перамога», а таксама адсылаў зьвесткі на плятформу «Голас».
Сілавікі затрымалі сямейную пару з Кобрыні за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
Сужэнцаў з Кобрыні абвінавачваюць паводле артыкула аб грубым парушэньні грамадзкага парадку (частка 1 артыкула 342 КК), паведамляе прэс-служба Сьледчага камітэту.
Паводле інфармацыі ведамства, 10 жніўня 2020 году ў Кобрыні 22-гадовая беларуска са сваім 29-гадовым мужам выйшла на пратэсты. Сьледчыя ўстанавілі, што «дзяўчына з бутэлькай піва ў руцэ ў першых шэрагах паказвала сілавікам непрыстойныя жэсты, а яе муж апусьціў штаны і дэманстраваў аголеныя ягадзіцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 верасьня: затрыманьні і суд за ўдзел у пратэстах 2020 году ў Менску