Часопіс Forbes, які зьяўляецца аўтарам дасьледаваньня, ацаніў яе багацьце ў 1,25 млрд даляраў. Гэта пятае месца ў рэйтынгу. Вышэй за яе ў сьпісе 20 найзаможнейшых толькі Тацяна Бакальчук (5,5 млрд даляраў, Wildberries), Тацяна Літвіненка (2,45 млрд, «Фосагро»), Варвара Скоч (2,2 млрд, USM) і Алена Батурына (1,3 млрд, Inteco Management).
68-гадовая Натальля Луцэнка — уладальніца 50% долі ў адным з найбуйнейшых у Эўропе перапрацоўнікаў насеньня алейных культур — Групе кампаній «Содружество». Астатнія 50% аб’яднаньня, штаб якога разьмешчаны ў горадзе Сьветлы Калінінградзкай вобласьці, належаць яе мужу Аляксандру Луцэнку. Па выніках 2023 году той заняў першае месца ў топ-100 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі па вэрсіі выданьня «Белорусы и рынок» і вярнуўся ў рэйтынг мільярдэраў глябальнага Forbes. Складальнікі гэтых рэйтынгаў долю жонкі ўключалі ў ягоны капітал.
Аляксандар і Натальля Луцэнкі — першыя ў гісторыі Расеі сужэнцы-мільярдэры з роўнымі долямі ў бізнэсе.
Профіль Натальлі Луцэнкі — адзіны ў цэлым сьпісе Forbes, у якім няма фатаздымку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле індэксу мільярдэраў агенцтва Bloomberg, самы багаты чалавек на Зямлі — Ілан МаскПаводле інфармацыі «Белорусы и рынок», бізнэс Луцэнкі пачалі яшчэ ў 1994-м у Менску. Пэўны час у прадпрыемстве ўдзельнічаў і брат Натальлі.
Кампанія «Содружество» досыць хутка стала адным з найбуйнейшых імпартэраў кармоў у краіны былога СССР. На пачатку 2000-х пабудавала ў Расеі завод бялковых дабавак і канцэнтратаў «Рыбфлотпром», інвэставала ва Ўкраіне і Даніі.
У сярэдзіне 2000-х сям’я Луцэнкаў засяродзілася на перапрацоўцы алейных культур і рэалізацыі прадуктаў зь іх. Для гэтага кампанія прадала няпрофільныя актывы і пабудавала вялізны перапрацоўчы комплекс у Сьветлым. Туды ж зь Менску пераехала штаб-кватэра кампаніі. У 2000–2010-х Луцэнкі скуплялі вытворчыя актывы ў Паўднёвай Амэрыцы, фармавалі адзін з найбуйнейшых у Расеі спэцыялізаваных паркаў вагонаў для перавозкі кармоў і міжнародную сетку паставак. На працягу 2012–2016 гадоў 10% акцый «Содружества» належалі японскаму прадаўцу Mitsui.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла расьсьледаваньне пра шэры бізнэс і раскошнае жыцьцё паплечнікаў ШэйманаБыла ў Натальлі Луцэнкі і палітычная кар’ера. У 2009 годзе яна перамагла на выбарах мэра Кіславодзку ад прапуцінскай партыі «Единая Россия». 19 траўня таго году, у час выбараў, за 50 мэтраў ад адміністрацыі Кіславодзку грымнуў выбух, і Луцэнка атрымала раненьні, пісала стаўрапальская газэта «Блокнот». Пасьля яна 5 гадоў была мэрам гораду.
Напачатку ў аб’яднаньні ўдзельнічала шмат выхадцаў зь Беларусі. Былі й пляны пабудовы буйнога заводу, але, нягледзячы на выдзяленьне пляцоўкі пад Лідай, вытворчасьць запрацавала ў іншым месцы. На працягу 2014–2018 гадоў у Смаргонях быў узьведзены вялізны агралягістычны цэнтар з алееэкстракцыйным заводам, які вырабляе рапсавыя і соевыя алеі, рапсавы, соевы, ільняны шрот і лецытын. Кіруе смаргонскім комплексам кампанія «Агратэрмінал».
У 2019 годзе група кампаній «Содружество» пабудавала новы офіс у элітным раёне Менску, а таксама займела некалькі сотняў вагонаў-гопэраў для чыгуначных перавозак. Парк знаходзіцца ва ўладаньні кампаніі «Садружнасьць Транс-Агра». У структуру «Садружнасьць-Бел» таксама ўваходзіць трэйдынгавая кампанія «Першая пратэінавая».
Сёлета Луцэнкі набылі яшчэ адзін агралягістычны комплекс у Беларусі — кампанію «Інфіда» ў Пухавіцкім раёне.
У 2023 годзе адбылася рэструктурызацыя маёмасьці Луцэнкаў, цяпер усё падзелена паводле розных актываў — беларускіх, расейскіх і міжнародных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне асудзілі бізнэсоўца за пастаўкі празь Беларусь у Расею і акупаваны Данбас граніту для надмагільляў