Манголія — сябра дамовы аб Міжнародным крымінальным судзе, які выдаў ордэр на яго арышт.
Афіцыйны візыт, у часе якога Ўладзімір Пуцін сустрэнецца ў аўторак з мангольскім кіраўніком Ухнаагійнам Хурэлсухам, стаў першым візытам Пуціна ў краіну – сябра Міжнароднага крымінальнага суду пасьля таго, як той выдаў ордэр на арышт Пуціна. Гэта адбылося амаль 18 месяцаў таму па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах ва Ўкраіне.
Украіна заклікала Манголію арыштаваць Пуціна і перадаць яго суду ў Гаазе. На мінулым тыдні прэс-сакратар Пуціна заявіў, што Крэмль не хвалюецца з нагоды візыту.
Сябры Міжнароднага суду абавязаныя затрымліваць падазраваных, калі быў выдадзены ордэр на арышт, пры гэтым суд ня мае мэханізму прымусовага выкананьня.
Манголія моцна залежыць ад Расеі ў пляне паставак паліва і электраэнэргіі, а ад Кітая ў пляне ўкладаньняў у горназдабыўную прамысловасьць.
Суд выдаў ордэр на Пуціна па падазрэньні ў выкраданьні дзяцей з Украіны.
Хурэлсух і Пуцін павінны ўзяць удзел у цырымоніі з нагоды перамогі мангольскіх і савецкіх войскаў над японскай арміяй у 1939 годзе, якая ўзяла пад свой кантроль Маньчжурыю на паўночным усходзе Кітая. Тысячы салдатаў тады загінулі за некалькі месяцаў баёў у спрэчцы аб тым, дзе праходзіць мяжа паміж Маньчжурыяй і Манголіяй.
Нягледзячы на тое, што Пуцін сутыкнуўся зь міжнароднай ізаляцыяй праз уварваньне ва Ўкраіну, ён наведаў Паўночную Карэю і Віетнам у чэрвені, а таксама двойчы наведаў Беларусь і Кітай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch заклікала ўлады Манголіі арыштаваць Пуціна ў час візыту