Колькасць першаклясьнікаў на працягу апошніх трох гадоў зніжаецца, вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу афіцыйнай статыстыкі. Сёлета ў школу пойдуць каля 105 тыс. першакласнікаў, летась іх было 110 тыс., пазалетась — 115 тыс., у 2021-м — 118 тыс.
У сярэдніх навучальных установах на пачатак мінулага навучальнага году (актуальныя зьвесткі пакуль не апублікаваныя) працавала 103,3 тысячы настаўнікаў, у сярэднім на аднаго настаўніка па краіне прыпадала 11 вучняў, у гарадзкіх школах — 13, у сельскіх — 6.
На падставе рашэньня Мінадукацыі, першы ўрок у новым навучальным годзе пройдзе на тэму «Мы маем чым ганарыцца, мы маем што берагчы!». У разьмешчаных на Нацыянальным адукацыйным партале рэкамэндацыях да ўроку адзначаецца, што ў якасьці эпіграфу да яго трэба выкарыстоўваць цытату Аляксандра Лукашэнкі:
«Мы маем галоўнае, што мы павінны захаваць і перадаць нашчадкам, — гэта наша любімая радзіма, наша Беларусь. Нам ня трэба чужога, свой дабрабыт мы створым самі, сваёй працай і на сваёй зямлі».
Зьмест першага ўроку рэкамэндуецца зьвязаць «са знакавымі падзеямі 2024 году: 80 гадоў вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; Год якасьці; 30 гадоў інстытуту прэзыдэнцтва ў Беларусі». Першы ўрок прапануецца правесьці ва ўрачыстай абстаноўцы, запрасіўшы ў якасьці гасьцей прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, сяброў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі ды іншых.
Школьнікі будуць вучыцца па тых жа праграмах, што і летась. Аднак зьявяцца некаторыя факультатыўныя заняткі з акцэнтам на выхаваньне патрыятызму, бо ў беларускай школе галоўнае «не навучаньне, а выхаваньне», заявіў міністар адукацыі Андрэй Іванец на нарадзе з удзелам Лукашэнкі.
Уводзіцца факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для 8-х (9-х) клясаў у рамках пагадненьня паміж дзяржавай і Беларускім экзархатам Расейскай праваслаўнай царквы. Дэ-факта гэта працяг факультатыву для навучэнцаў, якія пачалі яго наведваць пасьля ўкараненьня ў 2021 годзе, быўшы ў 5-й (6-й) клясе.
У новым навучальным годзе ва ўсіх клясах школаў штомесяц будзе праходзіць інфармацыйная гадзіна на тэму «Генацыд беларускага народу».
Для такіх заняткаў у 2023 годзе выдадзеныя падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны». З 2023 году зьявіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х клясаў.
Выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расьсьледаваньня аб «генацыдзе беларускага народу», прадстаўленыя Генэральнай пракуратурай, у школе пачалі ў 2022 годзе.
Пры вывучэньні згаданай тэмы ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Паводле слоў Іванца, у 21 школе апрабуюць падручнік гісторыі найноўшага часу, у якім падзеі 2020 году ацэненыя як спроба дзяржаўнага перавароту.
Пэдагагічная супольнасьць не супраціўляецца падобнай падачы матэрыялу, бо гэта азначала б падвергнуць сябе рызыцы перасьледу. Пяць службовых асоб у жніўні прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці ў Віцебскай вобласці за тое, што ў рэгіёне «праца ў грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаваньні непаўналетніх арганізавана не ў дастатковай ступені», паведамляла прэс-служба Генепракуратуры.
На гэтым фоне ўсё менш значным становіцца нацыянальны аспэкт адукацыі. Паводле зьвестак Мінадукацыі, навучаньне на беларускай мове праходзяць каля 10% школьнікаў, гэта значыць каля 100 тысяч, хаця каля 40% школаў у краіне зьяўляюцца беларускамоўнымі. У асноўным гэта малакамплектныя школы, якія разьмешчаны ў сельскай мясцовасьці.
У 2017 годзе адукацыю на беларускай мове атрымлівалі 128 600 дзяцей (каля 13%), а беларускамоўнымі лічыліся 49% школ.
Для параўнаньня: у 1994–1995 гадах на беларускай мове вучылася 29,4% вучняў, у 2007–2008 гадах — 20,9%.
У Беларусі па-ранейшаму няма ніводнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня.
ВНУ падчас уступнай кампаніі сёлета недабралі 870 студэнтаў, паведаміў Іванец на згаданай пэдагагічнай нарадзе з удзелам Лукашэнкі. Паводле міністра, каля 500 студэнтаў недабралі на аграрныя спецыяльнасьці, каля 120 — на спэцыяльнасьці інжынэрнага профілю.
Словы Іванца разыходзяцца са зьвесткамі, якія 7 жніўня на прэс-канферэнцыі прывёў яго першы намесьнік Аляксандар Бахановіч. Той сьцьвярджаў, што ВНУ выканалі плян у наборы, і зьвярнуў увагу, што ў сувязі з гэтым не абвешчаўся дадатковы набор на бюджэтныя месцы.
У 42 ВНУ на бюджэтную форму навучаньня сёлета прынята каля 33 тысяч першакурснікаў, што на 2,5 тыс. больш, чым годам раней. Заявы на паступленьне падалі 40,5 тысячы чалавек.
У топ-5 запатрабаваных спэцыяльнасьцяў увайшлі «сусьветная эканоміка» (Белдзяржунівэрсытэт; прахадны бал — 395), «стаматалёгія» (Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт; 395), «праграмная інжынэрыя» (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі; 395), «эканамічная інфарматыка » (БДУ; 394), «прыкладная інфарматыка» (БДУ; 391).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі будуць вучыць школьнікаў, як дапытваць і абшукваць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Алесі і Рагнеды, Кастусікі і Ўршулькі». Беларуская школа ў Варшаве назьбірала 500 вучняў з 28 краін сьвету