У Беларусі будуць вучыць школьнікаў, як дапытваць і абшукваць

«Дзень прызыўніка» ў Міжшкольным цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёну Менска 16 сакавіка 2022, архіўнае фота

Міністэрства адукацыі Беларусі абнавіла факультатыў «Гатовы Радзіме служыць» для старшаклясьнікаў. Раней курс ахопліваў асновы вайсковай справы, зараз дзецям будуць прышчапляць навыкі сілавікоў.

Навучаньне будзе складацца зь некалькіх блёкаў: «Нацыянальная бясьпека дзяржавы. Абарона Айчыны — доўг і абавязак грамадзяніна», «Вайсковая справа», «Будучы абаронца правапарадку», «Будучы сьледчы», «Будучы памежнік», «Будучы мытнік», «Будучы ратавальнік».

Модуль «Будучы сьледчы» ўключае асваеньне прыёмаў допыту, вочнай стаўкі, апазнаньня, агляду месца здарэньня, ператрусу. Школьнікаў пазнаёмяць з «прынцыпамі і падставамі ўжываньня фізычнай сілы супрацоўнікамі Сьледчага камітэту пры выкананьні службовых абавязкаў».

Практычныя заняткі будуць праводзіцца ў форме «дзелавых гульняў».

Мэта факультатыўных заняткаў, як сьцьвярджаецца — «фармаваньне грамадзянскасьці і патрыятызму навучэнцаў, ...устойлівай цікавасьці да прафэсійнай дзейнасьці, зьвязанай з сыстэмай забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Праграма разьлічаная на вучняў 10 і 11 клясаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура абурылася арганізацыяй вайскова-патрыятычнага выхаваньня на Віцебшчыне. Пакаралі 5 чыноўнікаў