Судзьдзя, які ўзаконіў арышт журналісткі Радыё Свабода, грамадзянкі ЗША і Расеі, хаваў амэрыканскае грамадзянства сваіх дзяцей

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустракае Алсу Курмашаву, якую, разам зь іншымі, 1 жніўня абмянянялі на расейскіх шпіёнаў

Вярхоўны судзьдзя Татарстану Рызван Юсупаў хаваў, што ў ягоных дзяцей — Гаяза і Наілі — ёсьць грамадзянства ЗША. Аб гэтым паведаміў Mash. Сам Юсупаў пазьней пацьвердзіў наяўнасьць грамадзянства ЗША ў сваіх дзяцей.

Паводле інфармацыі Mash, Рызван і яго жонка Эльвіра Юсупава хавалі, што езьдзілі ў ЗША, каб нарадзіць дзяцей. Яны сьцьвярджалі, што роды нібыта праходзілі дома ў Казані. Паведамляецца, што ў дачыненьні да Эльвіры Юсупавай і яе сына, 19-гадовага Гаяза Юсупава, распачатая крымінальная справа аб утойваньні інфармацыі пра грамадзянства іншай дзяржавы. Старэйшая дачка судзьдзі Наіля жыве ў Нідэрляндах.

Сам Юсупаў-старэйшы сьцьвярджае, што інфармаваў улады аб наяўнасьці другіх грамадзянстваў у дзяцей.

«Амбасада была інфармаваная, што ў дзяцей ёсць грамадзянства ЗША. Яны былі народжаныя ў Нью-Ёрку, маюць адпаведныя пасьведчаньні аб нараджэньні, якія былі перакладзеныя на расейскую мову, на іх быў пастаўлены апастыль, і яны былі прадстаўленыя ў консульскую ўстанову. Гэтым займалася мая жонка», — заявіў Юсупаў.

  • У чэрвені 2024-га Юсупаў прызнаў законным рашэньне Савецкага раённага суду Казані, які працягнуў арышт журналісткі Радыё Свабода Алсу Курмашавай. Яе абвінавачвалі ў «фэйках» пра ўзброеныя сілы Расеі, а таксама ў тым, што яна, маючы грамадзянства ЗША, не данесла на сябе ў Мінюст як «інаагентка». Журналістку вызвалілі ў выніку абмену палітвязьняў на расейскіх шпіёнаў паміж Расеяй і краінамі Захаду, які адбыўся 1 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістка Алсу Курмашава пра вызваленьне ў рамках абмену: «Да апошняга не магла паверыць, што гэта адбываецца»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР і Офіс Ціханоўскай выказаліся пра абмен вязьнямі між Захадам і Расеяй