Аб гэтым паведаміў партал «Люстэрка» са спасылкай на тэлеграм-канал Агафонава.
«Я ў парадку. Жывы, здаровы і ў нядрэнным настроі, наколькі гэта ў маёй сытуацыі ўвогульле магчыма. Падрабязнасьці пазьней, зараз хочацца адаспацца», — напісаў ён.
Пра тое, што сілавікі затрымалі актывіста, 29 жніўня паведаміла віцебская прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава. Паводле яе, Агафонава затрымалі «па даносе змагара, заўкраінца-русафоба».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі прарасейскага актывіста Арцёма АгафонаваУ чэрвені Агафонаў напісаў артыкул, дзе заявіў пра перасьлед прарасейскіх актывістаў у Беларусі. Ён абурыўся судом над былым дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, сталіністам Мікалаем Петрушэнкам, якога адправілі на дзесяць сутак арышту за рэпосты. У зьняволеньні ў Петрушэнкі адкрылася прабадная язва.
Акрамя таго, сёлета і сама Мірсалімава адсядзела двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня з-за перадруку поста загінулага ў Санкт-Пецярбургу расейскага прапагандыста Уладлена Татарскага.
Да гэтага, у лютым, прайшло некалькі судоў над актывісткай. Першы — паводле артыкулу аб масавых мерапрыемствах, другі — па адміністрацыйных артыкулах аб парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прапагандзе нацысцкай сымболікі.
Паводле інфармацыі Арцёма Агафонава, таксама за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» чакае суду яшчэ адзін віцебскі прарасейскі актывіст Аляксандр Андрэйкаў.