Паводле яго слоў, кансультацыі таксама праходзяць з урадам Літвы і амбасадай гэтай краіны ў Швэцыі.
Вячорка адзначыў, што сумесная праца офісу са швэдзкім бокам дазволіла «пераацаніць сытуацыю» ў Беларусі, якая «больш ня лічыцца бясьпечнай краінай для вяртаньня».
Цяпер важна, каб «міграцыйная служба [Швэцыі] дзейнічала ў адпаведнасьці з новымі інструкцыямі — яна прымае рашэньні незалежна ад ураду, — сказаў Вячорка. — Агенцтва па міграцыі абяцае супрацоўнічаць і садзейнічаць у гэтым пытаньні».
Офіс, паводле дарадцы Ціханоўскай, прапанаваў увесьці мараторый на дэпартацыю беларускіх грамадзян са Швэцыі.
«Міграцыйная служба на працягу месяцаў абяцае перагледзець апошнія рашэньні па беларусах, і мы дамаўляемся, каб да завяршэньня праверак дэпартацыі былі прыпыненыя», — заявіў Вячорка.
Акрамя гэтага, паводле яго слоў, Офіс Ціханоўскай прыступіў да «распрацоўкі для беларусаў інструкцый і парадаў, якія дапамогуць прадухіліць падобныя сытуацыі».
28 жніўня швэдзкае Sveriges Radio паведаміла, што грамадзянін Беларусі, якому міграцыйная служба Швэцыі адмовіла ў прадстаўленьні прытулку, затрыманы з палітычных матываў па вяртаньні на радзіму.
Адзначалася, што ён прыбыў у краіну з маці два гады таму. Прытулку папрасілі, бо «абое ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году». У заявах на атрыманьне міграцыйнага статусу гаварылася, што ў Беларусі супраць маці і сына распачатая крымінальная справа, і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму». Іх просьбы былі адхіленыя.
Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сьцьвярджалася, мужчыну і яго маці дэпартавалі са Швэцыі ў Беларусь праз тэрыторыю Літвы.
- 29 жніўня Радыё Свабода атрымала адказ ад міністаркі па справах міграцыі Швэцыі Марыі Мальмэр Стэгергард. Мы цікавіліся пазыцыяй ураду Швэцыі наконт дэпартацыі беларусаў, а таксама — ці вядома яму пра тое, што дэпартацыя можа прывесьці да перасьледу, патэнцыйных катаваньняў і турэмнага зьняволеньня высланых беларусаў. Міністарка паведаміла, што ўстрымаецца ад камэнтароў па пытаньні дэпартацыі беларусаў, пакуль не пазнаёміцца з вынікамі юрыдычнай праверкі апрацоўкі справаў аб прытулку, якую Міграцыйнае агенцтва Швэцыі правядзе гэтай восеньню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністарка міграцыі Швэцыі адказала на запыт Свабоды наконт дэпартацыі беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйнае агенцтва Швэцыі перагледзіць справы аб прытулку беларусаў, — СМІ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса, якому Швэцыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме