Як паведамляе прэс-служба Латушкі, падчас сустрэчы палітыка з пастаяннай прадстаўніцай Нямеччыны пры АБСЭ Зузанэ Шуц яна «была праінфармаваная аб рэпрэсіях у Беларусі, у тым ліку ў дачыненьні да былых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія знаходзяцца ў турмах», піша «Позірк».
Латушка таксама нагадаў аб рэпрэсіях у дачыненьні да тых, хто ставіў свой подпіс для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты, «ліквідацыі ўсіх 11 апазыцыйных палітычных партый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і звыш 1,7 тыс. НДА».
Паводле слоў беларускага палітыка, інстытуты дэмакратычных сілаў імкнуцца да выпрацоўваньня агульнай пазыцыі для таго, «каб выкарыстоўваць так званыя выбары для аказання максымальнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама для таго, каб узурпатар усьвядоміў, што абсалютная большасьць грамадзтва выступае супраць яго і падзеі 2020 году не зьяўляюцца выпадковасьцю».
Паводле інфармацыі галоўнай дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, дэмакратычная лідэрка правяла ў Вільні сустрэчу зь літоўскімі дэпутатамі Эўрапарлямэнту Андрусам Кубілюсам і Расай Юкнявічэне, на якой таксама абмяркоўвалася стратэгія дэмсіл перад выбарамі 2025 году.
Ціханоўская «нагадала літоўскім дэпутатам аб тым, што выбары ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі і ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю».
Таксама абмяркоўвалася важнасьць «захаваньня беларускага пытаньня на парадку дня ЭЗ і супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Эўрапарлямэнтам».
- Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году. 14 жніўня аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары заплянаваны на 23 лютага 2025-га.
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю.