Каб стымуляць юрыдычных асобаў забясьпечваць сваіх работнікаў арэндным жытлом, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 344 «Аб субсыдаваньні юрыдычных асобаў пры будоўлі або набыцьці жылых памяшканьняў», паведамляе яго прэс-служба.
Згодна з указам, дзяржаўным арганізацыям і гаспадарчым таварыствам з 1 студзеня 2025 году дадуць права атрымліваць бюджэтныя субсыдыі ў памеры 50% стаўкі рэфінансаваньня Нацбанку для выплаты часткі працэнтаў за карыстаньне крэдытамі на будаўніцтва і набыцьцё арэнднага жытла.
Прадпрыемствы будуць самастойна вызначаць парадак і ўмовы выдзяленьня арэндных жылых памяшканьняў сваім работнікам і памер платы за такое жыльлё.
Пры гэтым яны павінны даваць сама меней 20% ад агульнай колькасьці кватэр, узьведзеных ці набытых з выкарыстаньнем субсыдый, у першачарговым парадку маладым спэцыялістам і работнікам ва ўзросьце да 31 году — але пры ўмове адсутнасьці ў іх і членаў іх сем'яў, якія будуць жыць разам зь імі, іншага жытла ва ўласнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб'ём пабудаванага зь дзяржаўнай падтрымкай жытла ў Беларусі за 3 гады зьменшыўся амаль удваяПаводле закону, тэарэтычна атрымаць жытло ў арэнду зь дзяржаўнага жыльлёвага фонду могуць усе грамадзяне Беларусі, але арэндныя кватэры вельмі запатрабаваныя, таму першачарговае права на такое жытло маюць:
- судзьдзі і пракурорскія работнікі, а таксама некаторыя дзяржаўныя службоўцы зь пераліку, узгодненага з Лукашэнкам;
- вайскоўцы і тыя, хто праходзіць службу ў Мінабароны, МУС, СК, КДБ, КДК, органах і падразьдзяленьнях МНС, Памежным камітэце, Службе бясьпекі Лукашэнкі, Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры Лукашэнку і інш.;
- маладыя спэцыялісты, якія вучыліся на «бюджэце» і працуюць па разьмеркаваньні ў адпаведнасьці з дамовай аб мэтавай падрыхтоўцы;
- трэнэры нацыянальных камандаў Беларусі ў відах спорту, трэнэры-выкладчыкі па спорце спэцыялізаваных навучальна-спартовых установаў, вучэльняў алімпійскай рэзэрвы;
- мэдыцынскія, пэдагагічныя, творчыя работнікі, работнікі культуры, якія заключылі кантракт тэрмінам на 5 гадоў, у выпадку пацьверджаньня патрэбы ў спэцыялістах.
У Беларусі на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, на канец 2023 году было 569,1 тысячы сем'яў, паводле зьвестак Белстату. Агулам жа за 2023 год арганізацыі ўсіх формаў уласнасьці ў Беларусі пабудавалі 47,4 тысячы кватэр. За 2023 год атрымалі кватэры і палепшылі жыльлёвыя ўмовы 23,9 тысячы сем'яў.