Беларускі плывец Ігар Бокі, які выступае на Паралімпіядзе як індывідуальны нэўтральны спартовец, выйграў фінальны заплыў на дыстанцыі 100 мэтраў батэрфляем.
Ён паказаў найлепшы час — 54,13 сэкунды.
Паралімпіец Ігар Бокі выступае ў клясе S13 — для спартоўцаў з дрэнным зрокам.
Гэта ўжо 17-е золата Паралімпіяды ў кар’еры Бокага.
Ігар Бокі — падпісант «праўладнага» ліста беларускіх спартоўцаў у падтрымку Лукашэнкі.
Сёлета беларускія і расейскія спартоўцы бяруць удзел у Паралімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе. Агулам на спаборніцтвы дапусьцілі 8 беларусаў і 88 расейцаў. На цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця Паралімпіяды ім можна прысутнічаць толькі ў якасьці гледачоў.
Восем беларусаў, якія выступяць на Паралімпійскіх гульнях як «нэўтральныя» атлеты, возьмуць удзел у двух відах спорту. Шасьцёра ў плаваньні, двое — у лёгкай атлетыцы:
- Плаваньне: Ігар Бокі, Яўген Кавалёнак, Дзьмітры Салей, Ягор Шчалканаў, Максім Вашкевіч і Анастасія Зудзілава.
- Лёгкая атлетыка: Лізавета Дабравольская, Уладзіслаў Грыб.