На паўднёва-заходняе ўзьбярэжжа Японіі абрынуўся магутны тайфун «Шаньшань», падобнага якому ў краіне ня памятаюць ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў, паведамляе ВВС.
Да вечара 29 жніўня тайфун крыху аслабеў (як гэта звычайна бывае пасьля выхаду на бераг) і дасягнуў паказчыкаў «моцнага трапічнага шторму». Аднак да моманту, калі слуп цыклёну дайшоў да японскага вострава Кюсю, хуткасьць ветру ў ім дасягала 70 мэтраў за сэкунду.
Выкліканыя «Шаньшанем» апоўзьні і абвальваньне дахаў прывялі да гібелі сама меней чатырох чалавек, каля сотні атрымалі раненьні.
Больш за пяць мільёнаў чалавек, якія пражываюць на поўдні краіны, атрымалі прадпісаньне тэрмінова эвакуавацца.
Сама меней 237 тысяч дамоў часова засталіся без электраэнэргіі.
Буйныя прамысловыя кампаніі, у тым ліку Nissan, Toyota, Honda, Renesas, Tokyo Electron і Rohm часова закрылі свае заводы на ўсёй тэрыторыі краіны, каб не падвяргаць небясьпецы супрацоўнікаў, а таксама праз магчымы недахоп запчастак, паведамляе Reuters.
У паўднёвых рэгіёнах краіны спынены рух цягнікоў, закрытыя аўтамагістралі, японскія аэрапорты адмянілі амаль 800 рэйсаў.
Самы цяжкі ўдар тайфуну прыняў на сябе прыбярэжны горад Міядзакі, дзе парывы ветру пашкодзілі каля 200 будынкаў, у выніку чаго былі параненыя некалькі дзясяткаў чалавек.
Паводле прагнозаў, да выходных шторм дасягне цэнтральных і ўсходніх рэгіёнаў Японіі, дзе разьмешчаная сталіца Токіё.
Мэтэаролягі гавораць, што па сушы «Шаньшань» рухаецца павольна, а значыць, трапічны шторм можа зноў набраць сілу і прынесьці з сабой яшчэ больш моцныя дажджы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад урагану «Кіяран» у Эўропе загінулі некалькі чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураган «Бэрыл» абрынуўся на Тэхас