Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад урагану «Кіяран» у Эўропе загінулі некалькі чалавек


«Хуткая» побач з дрэвам, якое ўпала ад урагану і забіла жанчыну. Гішпанія, 03 лістапада 2023 году
«Хуткая» побач з дрэвам, якое ўпала ад урагану і забіла жанчыну. Гішпанія, 03 лістапада 2023 году

Моцны ўраган «Кіяран» закрануў Гішпанію, Італію, Францыю і іншыя краіны цэнтральнай і паўднёвай Эўропы.

У італьянскай правінцыі Таскана шторм выклікаў паводку. Ужо вядома як мінімум пра пяць загінулых. Агульная колькасьць загінулых у краінах Эўропы ўжо большая за 10.

Хуткасьць ветру дасягае 207 кілямэтраў на гадзіну. Такі паказьнік зафіксаваны на паўночна-заходнім узьбярэжжы Францыі. Ураган закрануў таксама поўдзень Англіі, Бэльгію, Нідэрлянды, Нямеччыну, атлянтычнае ўзьбярэжжа Гішпаніі і Партугаліі. У Бэльгіі ад падзеньня дрэваў загінулі два чалавекі, у тым ліку пяцігадовае дзіця.

У многіх рэгіёнах з прычыны ўрагану няма электрычнасьці, грамадзкі транспарт ходзіць зь перабоямі. У Гішпаніі праз ураган пачаліся лясныя пажары. Улады ўжо эвакуавалі каля 800 жыхароў вёсак паблізу ад лясоў, якія гараць. Яшчэ 2500 чалавек атрымалі распараджэньне заставацца дома і рыхтавацца да эвакуацыі. У Францыі больш за мільён дамоў засталіся без электрычнасьці.

Ад ліўняў цярпяць таксама Славенія і Харватыя. Галоўная рака харвацкай сталіцы Заграба — Сава — выйшла зь берагоў.

На думку навукоўцаў, настолькі моцныя ўраганы пакуль нязвыклыя для Эўропы, але ў будучыні могуць паўтарацца часьцей з прычыны кліматычных зьменаў. Глябальнае пацяпленьне прыводзіць да таго, што ўзрастае розьніца тэмпэратур на поўдні і поўначы Эўропы, таму на мяжы цёплых і халодных абласьцей фармуюцца анамальныя атмасфэрныя франты. Яны робяцца прычынай ураганаў і праліўных дажджоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG