Выдаткі хатніх гаспадарак Беларусі на харчаваньне зьменшыліся з 39,9% у другім квартале 2023 году да 38,1% за аналягічны пэрыяд 2024-га, але гэта па-ранейшаму самая вялікая доля ад агульнай колькасьці выдаткаў, вынікае са зьвестак Белстату.
За другі квартал 2024 году доля выдаткаў на нехарчовыя тавары ў структуры спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак склала 34,8% (годам раней — 32,9%), на аплату паслуг — 24,5% (летась — 24,6%).
Пры гэтым, паводле Белстату, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені — чэрвені 2024 году ў Беларусі павялічыліся на 9,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023-га.
За рысай беднасьці ў Беларусі — каля 329,6 тысячы чалавек
Даходы ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму, паводле зьвестак Белстату, у Беларусі мае 3,6% насельніцтва (за год паказчык не зьмяніўся): у гарадах і мястэчках — 2,8% (летась 2,9%), у вёсках — 6% (летась 6,3%).
Канкрэтную колькасьць беларусаў, якія знаходзяцца за рысай беднасьці, Белстат не называе. На 1 студзеня 2024 году насельніцтва Беларусі складала 9 155 978 чалавек, зь іх гарадзкое насельніцтва — 7 198 285 чалавек, вясковае — 1 957 693 чалавек. Калі чыходзіць з гэтых лічбаў, дык за рысай беднасьці ў Беларусі знаходзіліся каля 329,6 тысячы чалавек, зь іх каля 201,5 тысячы чалавек — у гарадах і мястэчках і каля 117,5 тысяч вяскоўцаў.
Больш за ўсё людзей за рысай беднасьці зафіксаваная ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях — 5,2% (5,3% і 5,6% адпаведна). У Берасьцейскай вобласьці — 5,1% (бязь зьменаў), Віцебскай — 4,6% (5%), Горадзенскай і Менскай — 2,6% (2,7% і 2,6%), Менску — 1,2% (1,1%).
На 1 жніўня — 31 кастрычніка 2024 году бюджэт пражытковага мінімуму (на мінімальны набор прадуктаў харчаваньня, нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі) у Беларусі складае 433 рублі на чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па пяцьсот»? У 46% работнікаў Беларусі заробак нават да выліку падаткаў не перавышае 1,5 тысячы рублёў