Міграцыйнае агенцтва Швэцыі гэтай восеньню правядзе перагляд спраў аб прытулку зь Беларусі, адзначае Sverigesradio.
«Мы ўсьведамляем гэтую інфармацыю і крытыку, якая была выказаная ў наш адрас», — заявіла Анна Ліндблад, намесьніца юрыдычнага кіраўніка Міграцыйнай рады Швэцыі.
Раней яе ўстанову ўжо крытыкавалі за выкарыстаньне састарэлай інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі.
28 жніўня Радыё Свабода апублікавала гісторыю пра тое, як Швэцыя адмовіла ў прытулку беларусу, які ўдзельнічаў у пратэстах. Яго разам з маці дэпартавалі ў Беларусь 21 жніўня, дзе мужчыну адразу затрымалі. Цяпер дэпартацыя пагражае яшчэ аднаму чалавеку з гэтай сям’і, які павінен выехаць са Швэцыі да 3 верасьня.
Чытайце падрабязна: «Брат крыху супраціўляўся, на маці надзелі кайданкі». Падрабязнасьці гісторыі дэпартацыі беларусаў са ШвэцыіПрадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі Зьміцер Васэрман паведаміў Свабодзе, што рашэньне міграцыйнага агенцтва Швэцыі пра перагляд спраў беларусаў было прынятае на пачатку тыдня (да таго, як стала вядома пра апошні выпадак дэпартацыі беларусаў са Швэцыі) і не зьвязанае зь ім.
«Мы, Народная амбасада Беларусі ў Швэцыі, аднавілі дыялёг зь міграцыйным агенцтвам пасьля таго, як у ліпені апэратару Сяргея Ціханоўскага Канстанціну Сярогіну зноў адмовілі ў наданьні прытулку, гэтым разам у міграцыйным судзе. Гэты выпадак падкрэсьліў, што, нягледзячы на абнаўленьне міграцыйным агенцтвам сёлета ў лютым інфармацыі аб Беларусі (цяпер яна больш дакладна адлюстроўвае рэальнасьць масавага тэрору ў краіне), агенцтва працягвае падтрымліваць свае папярэднія рашэньні ў судзе.
У сувязі з гэтым мы зноў зьвярнуліся да міграцыйнага агенцтва, каб зьвярнуць увагу на неадпаведнасьць паміж абноўленай інфармацыяй па краіне і дзеяньнямі агенцтва ў судах», — заявіў Зьміцер Васэрман.
Ён падкрэсьліў, што Народныя амбасады Беларусі вітаюць абнаўленьне інфармацыі, аднак лічаць крытычна важным, каб перагляд спраў беларусаў і беларусак аб наданьні прытулку праводзілі на фоне мараторыю на іх дэпартацыю. Паводле Васэрмана, гэта перашкодзіць высылцы тых беларусаў, па якіх ужо былі прынятыя рашэньні.
«Мы будзем працягваць дыялёг зь міграцыйным агенцтвам, каб забясьпечыць прыняцьце рашэньня аб мараторыі на дэпартацыі», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса, якому Швэцыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме- 5 жніўня ў Вільні на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўнік Народнай амбасады ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман паведаміў, што летась больш за сто беларусаў папрасілі статусу ўцекача ў Швэцыі, а далі яго толькі тром. «Гэта не азначае, што ўсіх астатніх высылаюць у Беларусь, паколькі некаторыя абскарджваюць [судовыя рашэньні], некаторыя едуць у іншыя краіны, і гэтак далей», — адзначыў ён.