Беларусь — на два мільёны насельніцтва менш, на шэсьць абласьцей больш
70 гадоў таму Беларусь ужо мела тыя ж межы, што і цяпер. Апошнія на дадзены момант іх зьмены адбыліся неўзабаве пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны. А вось адміністрацыйны падзел у год нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі быў зусім не такі, як цяпер. Акурат у 1954-м ліквідавалі адразу пяць абласьцей, далучыўшы іх тэрыторыю да іншых — Полацкую, Палескую, Бабруйскую, Баранавіцкую і Пінскую вобласьці. Да 1960 году пратрымалася Маладачанская вобласьць. Межы паміж вядомымі сёньня абласьцямі краіны мяняліся яшчэ да сярэдзіны 60-х, але месца нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі гэта не закранула — Копысь ужо тады належала да Віцебшчыны.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у 1954 годзе насельніцтва Беларусі складала 7 мільёнаў 695 тысяч чалавек. Праз 70 гадоў, па тых жа афіцыйных лічбах, яно большае прыкладна на 2 мільёны. Зь неафіцыйнымі складаней.
Паводле некаторых ацэнак, празь не найлепшую дэмаграфію і масавую эміграцыю, магчыма, беларусаў у Беларусі жыве нават менш за 9 мільёнаў. Пры гэтым у 1994 годзе, калі 39-гадовы Лукашэнка прыйшоў да ўлады, насельніцтва Беларусі было самае вялікае за ўсю гісторыю — 10 мільёнаў 244 тысячы. Пры ім беларусаў кожны год станавілася толькі менш.
Кардынальна зьмянілася за 70 гадоў і структура насельніцтва. У год нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі Беларусь была амаль цалкам аграрнай краінай, у сельскай мясцовасьці жылі тры чвэрці беларусаў. Цяпер усё наадварот. Доля гарадзкога насельніцтва — каля 80%. Сельскімі жыхарамі, верагодна, былі і бацькі Аляксандра Лукашэнкі, хоць дакладна вядома гэта толькі пра яго маці Кацярыну, якая працавала даяркай на калгаснай фэрме. Паўнавартаснымі грамадзянамі жыхары сельскай мясцовасьці Беларусі сталі толькі праз 20 гадоў пасьля нараджэньня Лукашэнкі: пашпарты беларускім калгасьнікам дазволілі выдаваць у 1974-м.
На чвэрць расейскі Менск
У 1954 годзе «Беларусьфільм» выпусьціў дакумэнтальную стужку «Новы Менск», дзе расказвалася, як адбудоўваецца і чым жыве сталіца тагачаснай БССР. «З Масквы, Ленінграду, Кіева, Варшавы, Прагі і Бэрліна прыбываюць у Менск самалёты», — гаворыць дыктар на самым пачатку стужкі.
Праз 70 гадоў пра такую разнастайнасьць можна толькі ўзгадваць, цяпер у Менск зь пералічаных гарадоў самалёты прылятаюць толькі з расейскіх Масквы і Пецярбургу. Зь іншых можна дабрацца хіба што па зямлі аўтобусам, а з Кіева наўпрост увогуле немагчыма. Цягнікі ў год нараджэньня Лукашэнкі зь Беларусі таксама хадзілі ў самыя розныя сталіцы, і ня толькі суседніх дзяржаў. На зьнятых у 1954 годзе кадрах відаць, што адна зь вежаў на Прывакзальнай плошчы ўжо цалкам пабудаваная, а другая яшчэ ў рыштаваньнях.
У той жа стужцы расказваецца і пра тагачасныя памеры Менску. Згадваецца пра будоўлю новага мікрараёну ля Менскага аўтамабільнага заводу — у 1954-м хоць гэта і была ўскраіна сталіцы БССР, але адначасова і самая сучасная яе частка. Новым аўтары фільму пра Менск 1954 году называюць і Менскі трактарны завод, а таксама жылыя раёны Менску, пабудаваныя для рабочых гэтага прадпрыемства.
У год нараджэньня Лукашэнкі ў Менску жылі каля 400 тысяч чалавек. Па памерах горад быў як сучасны Магілёў. Пры гэтым больш за чвэрць насельніцтва Менску ў 1954 годзе складалі этнічныя расейцы, якія прыяжджалі будаваць і адбудоўваць беларускую сталіцу з усяго СССР. Цяпер доля расейскага насельніцтва ў Менску не дасягае і 10%.
Перадача Крыму Ўкраіне
У тым жа 1954 годзе адбылася падзея, якая дагэтуль уплывае на адносіны Беларусі з бліжэйшымі суседзямі — Расеяй і Украінай. 19 лютага Крым афіцыйна са складу РСФСР перадалі УССР. Рашэньне аб гэтым ухваліў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР 19 лютага, адпаведны закон прынялі ў канцы красавіка таго ж году. Прычынай перадачы савецкія ўлады назвалі «агульнасьць гаспадарак, тэрытарыяльную блізкасьць і цесныя культурныя сувязі паміж Украінскай ССР і Крымскай вобласьцю РСФСР».
Канчатковае рашэньне аб перадачы Крыму Ўкраіне прымаў тагачасны кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў. Дасьледчыкі дагэтуль ня могуць прыйсьці да агульнай думкі наконт сапраўдных прычын гэтага кроку. Гучаць цалкам супрацьлеглыя меркаваньні — або гэта быў праўкраінскі крок Хрушчова, які паходзіў акурат з украінскай партыйнай эліты, або, наадварот, такім чынам Крэмль хацеў зрабіць Украіну больш расейскай па складзе насельніцтва. У сярэдзіне 1950-х Крым, адкуль пасьля вайны выселілі амаль усіх татар, этнічна быў амаль цалкам расейскі.
Стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе застаецца не да канца зразумелым. З аднаго боку, ён назваў паўвостраў «фактычна расейскай тэрыторыяй». Зь іншага — так і не наведаў яго пасьля 2014 году, хоць неаднаразова бываў паблізу ў гасьцях у Пуціна ў Сочы, а таксама зьезьдзіў у Абхазію. Ня лётае ў Крым і Belavia, якая пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску актыўна асвойвае пераважна расейскія маршруты.
Стварэньне КДБ
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ў якасьці асобнай спэцслужбы быў створаны ў СССР указам Вярхоўнага Савету 13 сакавіка 1954 году. Да гэтага моманту функцыі вядомай ва ўсім сьвеце структуры выконвалі розныя аддзелы ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў. Адначасова ствараліся філіялы КДБ і ў саюзных рэспубліках, у тым ліку ў БССР. Пасьля стварэньня яны часта займалі адны і тыя ж будынкі. Гэта добра відаць у Менску, дзе галоўныя ўправы МУС і КДБ дагэтуль месьцяцца ў адным архітэктурным комплексе.
КДБ СССР праіснаваў амаль да самага развалу Саюзу, на пачатку сьнежня 1991 году яго пераўтварылі ў Міжрэспубліканскую службу бясьпекі СССР. На яе аснове пазьней у былых саюзных рэспубліках пастваралі ўласныя службы дзяржаўнай бясьпекі. У Расеі такой зь цягам часу стала Фэдэральная служба бясьпекі, ва Ўкраіне — Служба бясьпекі Ўкраіны. Першапачаткова назва КДБ захоўвалася ў Беларусі, Армэніі і Казахстане, аднак у апошнім ад яе пасьля адмовіліся, утварыўшы Камітэт нацыянальнай бясьпекі. І беларускі, і армянскі КДБ захавалі ня толькі першапачатковую назву: іх эмблемы таксама мала адрозьніваюцца ад той, якую прыняў КДБ СССР падчас заснаваньня.
КДБ Беларусі падпарадкоўваецца асабіста Лукашэнку. Ён зьмяніў у ведамстве ўжо 11 кіраўнікоў. У сярэднім яны затрымліваюцца на пасадзе каля 3 гадоў. Рэкорд належыць Уладзімеру Мацкевічу, які займаў пасаду амаль 5 гадоў (са сьнежня 1995-га па лістапад 2000-га). Цяперашні кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель на пасадзе ўжо чатыры гады, Лукашэнка прызначыў яго 3 верасьня 2020-га.
Першы рэстаран Burger King, пачатак вяшчаньня беларускай службы Radio Liberation
1954 год у сьвеце ня быў адзначаны пачаткам вялікіх войнаў альбо сусьветнымі катастрофамі. У ЗША кіраваў Дуайт Айзэнгаўэр, там жа ў 1954-м нарадзіўся актор Джон Траволта, а краіны Афрыкі яшчэ былі збольшага калёніямі эўрапейскіх дзяржаў. У гэтым жа годзе ў Флорыдзе пачаў працаваць першы рэстаран сеткі Burger King, якая дабярэцца да Беларусі ў 2015-м. Кампанія працягвае працаваць у Менску і пасьля падзей 2020 і 2022 гадоў, калі з краіны сышла вялікая колькасьць заходніх карпарацый.
У тым жа 1954-м у заходненямецкім Мюнхэне пачала працу беларуская служба Radio Liberation (Радыё «Вызваленьне»), якая пазьней стала беларускай службай Радыё Свабода. Першы этэр адбыўся 20 траўня, за тры месяцы да нараджэньня Лукашэнкі. Напачатку перадачы працягваліся па 15 хвілін, выходзілі 24 разы на суткі. Пачуць іх можна было і ў Беларусі.
Менскі офіс Радыё Свабода адкрыўся ў год абраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта — у 1994-м. Да восені 2020 году журналісты беларускае службы Радыё Свабода маглі працаваць у Беларусі з акрэдытацыямі, выдадзенымі Міністэрствам замежных спраў. 16 ліпеня 2021 году шэраг супрацоўнікаў беларускай службы Свабоды былі арыштаваныя, у менскім офісе прайшоў ператрус, яго апячаталі. Служба працягвае працу зь Вільні і Прагі.