Праз рэпрэсіі ў Беларусі прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. На затрыманьні і арышты беларусы адказвалі салідарнасьцю і падтрымкай. Расказваем, як гэта выглядае праз чатыры гады пасьля пачатку пратэстаў.
Беларускія ўлады на працягу чатырох гадоў спрабуюць зьбіць хвалю салідарнасьці з рэпрэсаванымі беларусамі. Паводле дадзеных «Вясны», за данаты ўжо асудзілі 91 чалавека. Фонды дапамогі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
Пасьля масавага рэйду сілавікоў 23 студзеня 2024 году былі затрыманыя каля 200 чалавек. У асноўным гэта блізкія палітвязьняў ці людзі, якія дапамагалі ім. 20 з затрыманых тады застаюцца дагэтуль за кратамі, над 9-ю ідуць ці ўжо прайшлі суды. Беларуская прапаганда расказвае, што «палітычных» ніхто не падтрымлівае. Яны ўсімі кінутыя і забытыя.
Паштоўкі і кветкі на дзень народзінаў
Беларуска Аксана (мы не раскрываем поўныя сапраўдныя імёны суразмоўцаў па іх просьбе зь меркаваньняў бясьпекі - РС) расказала Свабодзе, што з 2020 году дапамагае палітзьняволеным і іх блізкім. За пратэсты адбыў тэрмін у калёніі і яе муж. Таму ёй добра вядомыя патрэбы зьняволеных і тых, хто іх чакае дома.
«Бо я, скажам так, адказная за тых, каго прыручыла. Як цягнула іх, так і цягну. Бо і мне шмат людзей дапамагалі за час калёніі мужа», — патлумачыла Аксана.
Яна сама была затрыманая ў 2021 годзе і правяла 15 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня. Кажа, што з таго часу перастала стасавацца са знаёмай. Бо тая Аксану асудзіла.
«Але сёлета яна зьмяніла сваю думку. На іх прадпрыемстве быў рэйд, у яе тэлефоне знайшлі «экстрэмісцкую падпіску», і як яна ні плакала на судзе, што не вінаватая, атрымала штраф. Потым заявіла: «Цяпер я разумею Аксану, што ў нас сапраўды могуць пакараць ні за што», — узгадвае суразмоўца.
Яна зазначае, што салідарнасьць беларусаў нікуды ня дзелася, а толькі трансфармавалася. Напрыклад, цяпер людзі пішуць лісты ці дасылаюць пасылкі «палітычным», робяць пераводы ад чужога імя, бо баяцца.
Аксана кажа, што сама зьвярталася ў фонды дапамогі і атрымала фінансавую падтрымку. Бо яна мае нізкі заробак і папросту ня выцягнула б перадачы ў 50 кіляграмаў для мужа, выдаткі на адваката і паездкі ў калёнію праз усю Беларусь.
Агулам, як палічыла суразмоўца, за 3 гады калёніі яна выдаткавала ня менш за 10 тысяч даляраў — на адваката, паездкі, перадачы, пераводы, рэчы для мужа. «І цяпер пытаньне: ці магла б я гэта выцягнуць адна? Ды ніколі ў жыцьці. Таму я і зьвярталася ў фонды, і многія людзі ў Беларусі і за мяжой дапамагалі мне», — кажа Аксана.
Многія людзі, паводле словаў Аксаны, баяцца зьвяртацца ў фонды. Ёсьць і тыя, хто зьвярнуўся б, калі няма грошай нават на перадачы, але не валодае інтэрнэтам на неабходным узроўні, ня мае Тэлеграма, ня ўмее запаўняць анкеты.
«Людзі затаіліся, перасталі стасавацца з шырокім колам, засталіся толькі асабістыя сувязі. Сядзяць і кіпяць, бо дэпрэсія, побытавае жыцьцё заядае, цэны растуць, і блізкі чалавек у турме. Таму няма такога, як часам кажуць: «Яны там у Беларусі перагарнулі старонку», — сьцьвярджае Аксана.
Паводле яе словаў, за час, што муж у калёніі, яна адчувала падтрымку знаёмых і незнаёмых людзей. Чужыя людзі дасылалі маці ейнага мужа паштоўкі і букеты на 8 сакавіка.
«Людзі знаходзілі мяне, прапаноўвалі дапамогу, нават зь іншых гарадоў і зь іншых краінаў», — расказвае Аксана.
«Паціснуць руку, сказаць цёплыя словы»
У беларуса Паўла ў калёнію за «палітыку» трапіла жонка. Сям’я мае малога сына. Таму ўсе клопаты, побыт, адвакат, перадачы — на Паўлу. Ён кажа, што ўвесь час мае ў рознай форме падтрымку як ад знаёмых, так і незнаёмых людзей. Паводле суразмоўцы, людзі часта могуць проста паціснуць яму руку, сказаць цёплыя словы — і гэта яго цешыць. Павал атрымліваў падарункі ад незнаёмых яму рамесьнікаў. Кажа, проста знаходзілі яго ў сацсетках, пыталіся пра адрас і бясплатна дасылалі пэўныя рэчы. На працы (ён працуе ў сфэры паслуг) кліент, які ведае пра сытуацыю са зьняволеньнем жонкі, можа заплаціць за паслугу ў тры разы больш.
«Жонка трэці год у турме, мне цяжка было напачатку ці атрымліваць дапамогу, ці прасіць аб ёй. Але я зь цягам часу выпрацаваў у сабе тое, што калі чалавек хоча мяне і сына падтрымаць, цёплым словам, рэчамі ці грашыма, то я ня буду адмаўляцца, каб ня крыўдзіць чалавека», — тлумачыць суразмоўца.
Ён кажа, што часам пішуць людзі, якія прапаноўваюць дапамогу. Напрыклад, звазіць на аўто на рынак, каб купіць прадукты для перадачы. Ад незнаёмых людзей ён атрымліваў арэхі для перадач, канвэрты 1 клясы.
«Бо тыя чырвоныя канвэрты цяпер каштуюць больш за рубель. Калі ж ты пішаш два разы на тыдзень, і яшчэ трэба іх жонцы даслаць, то за месяц, за год выйдзе неблагая сума. Таму калі хто дасьць 10, 20 канвэртаў — таксама істотная дапамога», — кажа суразмоўца.
«Пэўныя людзі ўзялі на сябе абавязак купляць частку перадачы і трымаюць сваё слова. Гэта вельмі прыемна і цешыць», — дадаў Павал.
Паводле ягоных словаў, часам незнаёмыя людзі дасылаюць яму пасылкі для сына, дзе ёсьць прыгожае адзеньне, цацкі ці «нешта, чым сын захапляецца».
Павал зазначыў, што мог бы зьвярнуцца ў фонды, такая магчымасьць у яго ёсьць. Але пасьля студзеньскай хвалі затрыманьняў ён баіцца. Пагатоў, калі што, сыну ня будзе ўжо з кім застацца.
Асаблівае кола стасункаў Паўла — іншыя сваякі палітвязьняў. Суразмоўца кажа, што падтрымка ўнутры вельмі вялікая, бо гэтыя людзі праходзяць праз такія ж выпрабаваньні. Сам Павал таксама дапамагаў і дапамагае «палітычным» і іх блізкім.
«Калі схапілі жонку, то, каб неяк пратрымацца, я дапамагаў іншым сваякам. Бо вельмі важная і інфармацыйная падтрымка — як скласьці перадачу, што можна, што нельга, якія рэчы можна даслаць. Трэба браць чалавека за руку і вадзіць паўсюль», — кажа суразмоўца.
Ён падлічыў, што 80% дапамогі атрымлівае ад беларусаў унутры Беларусі. Яшчэ 20% — ад землякоў, якія жывуць за мяжой і знаходзяць спосабы дапамагчы.
«Часам кажуць, што, нягледзячы на рэпрэсіі, мы тут вяселімся. Мы тут сапраўды жывём, таму можам і павесяліцца, і парагатаць, і ўзяць удзел у мерапрыемствах. Бо мае сілы, напрыклад — маральныя, псыхічныя, мэнтальныя — патрэбныя на той час, калі жонка выйдзе з калёніі. Бо яе чакае вялікая праца па аднаўленьні, і важна, каб у гэты час я быў „апорнай канструкцыяй“, а не дэпрэсіўным і панурым», — закончыў ён.
Збор грошай на палітвязьня на дзяржаўнай працы
Алена жыве ў Беларусі і працуе ў дзяржаўнай установе. Яе калегу пасадзілі на 5 гадоў за камэнтары ў Тэлеграме. У гэтай жа ўстанове працуе і жонка палітвязьня, якая мае малых дзяцей.
«Я старалася дапамагаць ёй у пошуку адваката, грошай на яго. Але адна я ня дам рады, бо маю малы заробак, як і калега. Таму я арганізавала тройчы збор грошай на працы», — расказвае Алена.
У яе аддзеле працуе некалькі дзясяткаў людзей. Алена кажа, што «пайшла з працягнутай рукой» па аддзеле, бо сама калега саромелася прасіць дапамогі.
«Проста сказала: «А ну скінуліся, па рублёў дваццаць. На „Чырвоны Крыж“ даяце, на „Фонд міру“, на ўсялякае глупства і падпіскі, а тут калезе трэба дапамагчы!», — узгадвае беларуска.
Паводле яе словаў, скінуліся практычна ўсе, у тым ліку прыхільнікі ўлады.
«Хоць апошнія забурчалі, што „ня трэба было ў палітыку лезьці“, але я наехала на іх, і яны таксама далі грошы», — дадала Алена.
Андрэй адбываў пакараньне па палітычным артыкуле. Кажа, што меў «асаблівы досьвед са сваякамі». Яны іншых поглядаў, прыхільнікі ўлады, таму адвярнуліся ад Андрэевай сям’і. Па вызваленьні ён застаўся ў Беларусі. З пэўных прычын ня можа выехаць, хоць і плянуе гэта. Андрэй кажа, што разумеў рызыку, але зьвяртаўся ў фонд BySol, атрымаў аднаразовую падтрымку на 300 эўра і таксама падаваў заяўку на выплату для дзяцей перад школай, якую атрымаў.
«Я лічу, што многія людзі не атрымліваюць дапамогі, бо яны вымушаныя самі яе шукаць, а фонды прызнаныя „экстрэмісцкімі“, і людзі баяцца туды пісаць. Як на маю думку, варта было б шукаць такіх людзей, у патрэбе, і дапамагаць ім, і каб імі цікавіліся», — дадаў Андрэй.
За год у зборах BySol удзельнічаюць каля 20 тысяч чалавек
Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак лічыць, што салідарнасьць трывае. Ён спасылаецца на колькасьць грошай, якія ўдаецца сабраць. А таксама на колькасьць запытаў ад людзей.
«Працэс не спыняецца. Ён робіцца толькі глыбейшы праз тое, што ўсё больш людзей далучаецца да гэтага руху. Агульная колькасьць нашых прыватных донараў за год — гэта прыблізна 20 тысяч чалавек. Гэта райцэнтар кшталту Добруша. Я хачу, каб гэты Добруш разросься да памераў Рэчыцы, Бабруйску, да Гомля і Менску па колькасьці людзей, якія ўдзельнічаюць у дапамозе», — тлумачыць Стрыжак.
Ён мяркуе, што салідарнасьць беларусаў ня скончылася, а толькі пачынаецца. «Зараз мы знаходзімся на пікавым значэньні, і гэта пры такіх неспрыяльных умовах. Мы адрэзаныя ад магчымасьці атрымліваць дапамогу знутры Беларусі, але дыяспара вельмі актыўна працуе з нашым фондам», — дадаў кіраўнік BySol.
Андрэй Стрыжак кажа, што і BySol, і ByHelp маюць на сёньня магчымасьці дастаўляць грошы ўнутры Беларусі і для гэтага выкарыстоўваюць пэўныя інструмэнты і мэханізмы, якія ўдасканальваюцца.
Унутры краіны, расказвае суразмоўца, людзі працягваюць падтрымліваць блізкіх палітзьняволеных. І гэта не абавязкова фінансавая дапамога.
«Напрыклад, у райцэнтры, на вёсцы ёсьць такое, што старой маці палітвязьня могуць ускапаць агарод, пасекчы дровы. Бо людзі, якія трапілі за краты, — знакавыя людзі для гэтай мясцовасьці. Праваабаронцы, актывісты, настаўнікі, якія былі маральным аўтарытэтам для людзей», — зазначае кіраўнік фонду.
BySol тры разы на год праводзіць «дзіцячыя зборы» — перад летнімі вакацыямі, перад школай і перад Калядамі. Гэтыя сродкі ідуць на дзяцей палітвязьняў.
Пасьля масавых затрыманьняў сваякоў палітычных зьняволеных у студзені 2024 году Стрыжак апасаўся, што будзе спад заявак. Але, зазначае ён, гэтага не адбылося. Якраз цяпер ідзе збор на дзяцей у школу, фонд атрымаў 265 заявак. Кожнае дзіця атрымае 100 эўра. На гэтыя мэты BySol сабраў ужо больш за 23 тысячы эўра.
«Гэта прыклад таго, што людзі маюць патрэбу ў дапамозе. Калі ў сям’і няма кармільца, то людзі ідуць на рызыку і зьвяртаюцца ў фонд. Мы ўвесь час удасканальваем сыстэму бясьпекі», — дадаў Стрыжак.
Суразмоўца разумее, што 100 эўра не пакрыюць усіх выдаткаў да школы. Але гэтыя грошы, асабліва калі дзяцей у сям’і некалькі, — істотная падтрымка. «Потым нам дасылаюць падзякі, ці здымкі канцылярскіх тавараў, ці формы, якую купілі», — зазначыў кіраўнік фонду.
18 тысяч заявак на кампэнсацыю штрафаў і адвакатаў
Кіраўнік ByHelp Аляксей Лявончык расказаў Свабодзе, што фонд працягвае дапамагаць з кампэнсацыяй штрафаў, выдаткаў на адвакатаў. Цяпер, паводле суразмоўцы, фонд атрымлівае каля 200 заявак у месяц. З 2020 году такім чынам «закрылі» каля 18 тысяч заявак.
Дапамагае арганізацыя і рэабілітацыяй былых палітвязьняў як у Беларусі, так і за межамі. У такіх праграмах удзельнічае, калі браць разам, каля 500 чалавек, кажа Лявончык. Пасьля падзей студзеня 2024 году каманда фонду, па словах суразмоўцы, пераасэнсавала пратаколы бясьпекі.
Аляксей Лявончык кажа, што 2020 і 2024 гады непараўнальныя, бо ў 2020-м не было такіх татальных рэпрэсій, людзі не баяліся зьвяртацца ў фонд.
«Было такое, што за адзін дзень мы выплацілі каля 80 тысяч эўра і стаяла чарга людзей, заявак было вельмі шмат, аж мы не маглі спраўляцца. Цяпер часам мы можам хутка выплаціць грошы, часам і праз 2 месяцы, таму што неабходна пралічыць усе рызыкі — каб ня сеў кур’ер ці атрымальнік дапамогі», — тлумачыць Лявончык.
Суразмоўца кажа, што каманда фонду сутыкалася з рознымі выпадкамі, у тым ліку спробамі выдаць сябе за іншага чалавека, сутыкалася з махлярамі і падробленымі дакумэнтамі. Там навучыліся больш уважліва ставіцца да запытаў і маюць спосабы як вэрыфікацыі чалавека, так і праверкі дакумэнтаў на сапраўднасьць.
Аляксей Лявончык ня верыць у гуманізм Лукашэнкі. Аргумэнтуе гэта тым, што калі 50 чалавек цягам двух месяцаў выпусьцілі па памілаваньні, то за гэты ж час каля 160 пасадзілі.
«Лукашэнка перажывае траўму 2020 году. Ён расчараваўся ў сваім „народцы“ і помсьціць, гэта нерацыянальна, проста помста», — мяркуе Лявончык.
Суразмоўца зазначыў, што кааліцыя фондаў праводзіць сёлета тры летнікі для дзяцей палітвязьняў — цяперашніх і былых. І гэта яго цешыць.