Як гаворыцца ў дакумэнце, «навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спэцыяльную адукацыю, маюць права на дармовы праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстаньня, які ажыцьцяўляе гарадзкія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, гарадзкім электрычным транспарце і ў мэтрапалітэне ў населеных пунктах месца жыхарства (месца знаходжаньня) і месца вучобы з 1 верасьня па 30 чэрвеня».
Раней навучэнцы маглі езьдзіць задарма «ад месца жыхарства (месца знаходжаньня) да месца вучобы і назад». Цяпер прывязкі да школы ці ліцэю няма.
Права на такі праезд маюць навучэнцы сярэдніх і спэцыяльных навучальных устаноў пры прад’яўленьні «карты навучэнца (вучнёўскага білета), даведкі аб тым, што грамадзянін зьяўляецца навучэнцам, з указаньнем населенага пункту месца жыхарства (месца знаходжаньня) і месца вучобы».
Як і раней, урад рэкамэндаваў абласным саветам, Менскаму гарадзкому савету і раённым саветам прымаць дадатковыя захады для падтрымкі навучэнцаў пры праезьдзе чыгуначным транспартам агульнага карыстаньня ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-клясы і прыгарадных аўтобусах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнікам усіх клясаў штомесяц будуць праводзіць інфармацыйную гадзіну «Генацыд беларускага народу» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заробак — асноўная падстава для звальненьня». Напярэдадні навучальнага году ў беларускіх школах не стае больш за 900 настаўнікаў