Урад Беларусі 28 жніўня дапоўніў пералікі тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер Раман Галоўчанка, паведамляе прэс-служба ўраду ў Тэлеграме.
Да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі забаранілі наступныя тавары, якія паходзяць зь «недружалюбных краін»:
- шынная прадукцыя,
- поліэтылен высокага ціску,
- шкловалакно, уключаючы шклавату,
- пліты OSB,
- фанэра,
- вырабы сталярныя і цясьлярскія,
- папера і санітарна-гігіенічныя вырабы,
- папера і кардон, у тым ліку гафрыраваныя,
- рызьзё.
Таксама да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі забаранілі наступныя тавары, якія паходзяць з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі:
- сумкі і валізкі,
- шпалеры,
- плітка керамічная,
- санітарна-тэхнічныя вырабы,
- лядоўні, маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяваньне,
- пральныя машыны,
- падгузьнікі і пялюшкі.
Забарона набудзе сілу з 15 кастрычніка 2024 году.
Як гаворыцца ў паведамленьні беларускага ўраду, падпісаная пастанова — мера ў адказ на прынятыя Эўразьвязам рашэньні аб пашырэньні зь 1 ліпеня 2024 году санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.
У пачатку жніўня ўрад Беларусі ўжо дапаўняў пералік тавараў зь «недружалюбных» краін, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі з 31 жніўня. Тады ў сьпіс дадалі маргарын, макароны, цэмэнт і вырабы зь яго, азотныя ўгнаеньні, плястмасавы посуд, пліты ДСП і МДФ, скрыні, каробкі, мяхі, пакеты і іншую упаковачную тару з паперы і кардону, будаўнічую цэглу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Смартфоны — не, пыласосы — так. Што зараз нельга везьці з Эўразьвязу ў Беларусь і ў адваротным кірунку- У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні падпалі, сярод іншага, мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
- У пералік «недружалюбных краін» былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
- Папярэдні раз харчовыя «контрасанкцыі» працягвалі ў сьнежні 2022 году. Тады было вырашана, што яны дзейнічаюць да 30 чэрвеня 2023 году. Адначасова ўрад скараціў пералік забароненых прадуктаў: былі зробленыя выключэньні для насеннай бульбы, а таксама сьвежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня. Па-ранейшаму быў забаронены ўвоз цыбулі, сьвежай белакачаннай капусты, сьвежай морквы, сталовых буракоў, арэхаў, мясной і малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, каўбас і аналягічных прадуктаў.
- Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне ня тычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.