На падставе спадарожнікавых здымкаў і аналізу супярэчлівай інфармацыі з адкрытых крыніц Радыё Свабода разьбіралася, што насамрэч адбываецца зь беларускага боку мяжы з Украінай.
25 жніўня МЗС Украіны паведаміла пра актывізацыю беларускага войска каля ўкраінскай мяжы. Аднак неўзабаве, 26 жніўня, Дзяржаўны памежны камітэт Украіны адзначыў, што не заўважае на мяжы ніякай падазронай актыўнасьці, няма «ні перамяшчэньня тэхнікі, ні перасоўваньня асабістага складу». Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны ў той жа дзень адзначыла, што «паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі немагчымы». Сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы выклікае шмат пытаньняў і ў розных вайсковых экспэртаў.
На цяперашні момант мы ня бачым значнага павелічэньня колькасьці асабовага складу і тэхнікі на прымежных з Украінай тэрыторыях, якое магло б сьведчыць пра падрыхтоўку наступу ці несьці рэальную пагрозу Ўзброеным сілам Украіны.
Зь іншага боку, магчыма, усё ж адбылося невялікае нарошчваньне прысутнасьці беларускіх вайскоўцаў і тэхнікі. У асноўным яны разьмешчаныя невялікімі замаскаванымі групамі — збольшага ў лясных масівах. Верагодна, было перакінута некалькі зэнітна-ракетных комплексаў С-300.
Беларускія афіцыйныя асобы і прапаганда сьцьвярджаюць, што магла быць перакінутая сыстэма залпавага агню «Палянэз», далёкасьць стральбы якой можа складаць да 300 кілямэтраў. Пацьверджаньня гэтай інфармацыі Свабода не атрымала. На буйных аэрадромах і палігонах на поўдні Беларусі сытуацыя застаецца фактычна нязьменная.
«Адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад»
10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заяўляў пра зьбіцьцё беларускімі сіламі супрацьпаветранай абароны групоўкі бесьпілётнікаў, якія нібыта прыляцелі з боку Ўкраіны. Заява Лукашэнкі прагучала падчас незвычайнага суботняга, як было заяўлена — працоўнага, візыту ў аграхолдынг «Купалаўскае». Ніякіх пацьверджаньняў, што гэта былі менавіта ўкраінскія дроны, прыведзена не было.
У той жа дзень на брыфінгу Міністэрства абароны было заяўлена, што Лукашэнка загадаў узмацніць групоўку войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках.
Паводле заявы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, для так званага «ўзмацненьня» скарыстаныя падразьдзелы сілаў спэцыяльных апэрацый, сухапутных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы «Палянэз» і ракетны комплекс «Іскандэр».
Усё гэта адбывалася на фоне ўкраінскага наступу ў Курскай вобласьці Расеі, а таксама пасьля неаднаразовых паведамленьняў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» і шэрагу ўкраінскіх крыніц аб пралётах расейскіх «Шахэдаў» над тэрыторыяй Беларусі.
Перакіданьне ўзбраеньняў сапраўды магло пачацца ў наступныя дні пасьля заявы Хрэніна.
Што перакідаюць беларускія вайскоўцы
Як паведамляе «Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў», на поўдзень Беларусі маглі быць адпраўленыя як мінімум два эшалёны з вайсковай тэхнікай. Паводле іхнае інфармацыі, у першым выпадку гэта мог быць 335-ы асобны танкавы батальён з Барысава, а ў другім — адзін з батальёнаў 19-й асобнай мэханізаванай брыгады з вайсковай часьці ў Заслонаве Віцебскай вобласьці.
«Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў» паведаміла, што 11 жніўня са станцыі «Барысаў» на станцыю «Навабеліца» быў адпраўлены састаў з 37 вагонаў (31 вагон-плятформа з тэхнікай, 3 пасажырскія вагоны і 3 крытыя грузавыя вагоны). Большая частка зь іх была дастаўленая ў Гомель, зь іх 9 вагонаў (8 плятформаў з тэхнікай і 1 пасажырскі) накіраваліся на станцыю «Казенкі» ў Мазыры. Гэтую інфармацыю сваімі заявамі ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны фактычна пацьвердзілі самі беларускія вайскоўцы. Так, 11 жніўня там апублікавалі кадры пагрузкі танкаў меркавана на станцыі «Барысаў» і на наступны дзень іх разгрузкі на мазырскай станцыі «Казенкі».
Другі эшалён быў перакінуты, паводле «Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў», 14 жніўня і ўключаў у сябе 16 вагонаў з тэхнікай, якую адправілі на станцыю «Навабеліца» ў Гомлі.
Пра знаходжаньне на поўдні Беларусі яшчэ і сілаў спэцыяльных апэрацый Аляксандар Лукашэнка заяўляў неаднаразова. Пра тое, што яны там і да гэтай пары застаюцца, яшчэ раз сьведчыць зьяўленьне падчас апошніх візытаў туды камандуючага сіламі спэцыяльных апэрацый Вадзіма Дзенісенкі. На апублікаваных кадрах можна пабачыць падначаленага яму камандзіра 103-й паветрана-дэсантнай брыгады Ўладзімера Сафронава. На відэа таксама трапляе аэрадром Зябраўка, што каля Гомля.
Гэты аэрадром вядомы тым, што яго разам з мазырскім актыўна выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы падчас вайны з Украінай.
Праведзены Свабодай аналіз сьвежых спадарожнікавых здымкаў гэтых аэрадромаў паказаў, што сытуацыя кардынальным чынам за апошнія дні там не зьмянілася. Не відаць ані буйных намётавых мястэчак, ані новых стаянак тэхнікі, у тым ліку авіяцыйнай.
Пра перакіданьне вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны на паўднёвы кірунак вядома няшмат.
Як паведамляла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», на бабруйскі аэрадром зь Ліды маглі быць перакінутыя 4 штурмавікі Су-25. Пра тое, што штурмавую групу маглі сапраўды туды адправіць, 19 жніўня паведаміў тэлеграм-канал лідзкай авіябазы: «116-я гвардзейская штурмавая авіяцыйная база выконвае мерапрыемствы па падрыхтоўцы да перабазаваньня дадатковых сілаў і сродкаў у інтарэсах узмацненьня Дзяржаўнай граніцы на паўднёвым апэрацыйным напрамку».
Пра магчымае перакіданьне сваёй авіятэхнікі заяўляла таксама Баранавіцкая 61-я зьнішчальная авіябаза 21 жніўня ў сваім тэлеграм-канале. У разьмешчаным посьце гаварылася: «У мэтах узмацненьня Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь [авіябаза] пачала падрыхтоўку авіяцыйнай тэхнікі для перабазаваньня на апэратыўны аэрадром Паўднёвага апэрацыйнага напрамку». Адзначалася, што першай на гэты аэрадром адправіцца каманда, якая падрыхтуе месцы для прыёму і разьмяшчэньня авіяцыйнай тэхнікі. «Затым перабазуюцца лётны і паветраны эшалёны». Але пакуль ніякай інфармацыі пра перакіданьне авіяцыі з гэтай авіябазы няма.
Пра тое, што некаторую колькасьць войскаў супрацьпаветранай абароны маглі перавесьці на поўдзень Беларусі, сьведчыць яшчэ адна інфармацыя ад «Беларускага Гаюна». Згодна зь ёю, 13 жніўня на трасе М5 у бок Гомля заўважылі калёну тэхнікі, якая складалася з пускавых установак зэнітна-ракетнага комплексу С-300. Паведамлялася, што 14 жніўня дывізіён з машын гэтага комплексу мог быць разгорнуты каля населенага пункту Азершчына Рэчыцкага раёну.
З дапамогай спадарожнікавых здымкаў нам удалося знайсьці сьляды перамяшчэньня цяжкай тэхнікі на полі паміж вёскамі Азершчына і Ўнорыца. Яны зьяўляюцца акурат 14 жніўня і становяцца больш заўважнымі ў гэтым месцы з кожным днём. Выглядае, што тэхніка пэрыядычна выяжджае на поле паміж вёскамі па адным і тым жа маршруце.
Але ніякіх сьведчаньняў, што гэта могуць быць зэнітна-ракетныя комплексы С-300 ці, напрыклад, беларускія сыстэмы залпавага агню «Палянэз», мы ня маем.
Рыцьцё акопаў, у тым ліку ў чарнобыльскай зоне
Зьяўленьне новых акопаў і абарончых збудаваньняў можа сьведчыць пра павелічэньне актыўнасьці беларускіх вайскоўцаў у памежнай з Украінай зоне. Некаторыя з такіх умацаваньняў зьявіліся ў красавіку-траўні гэтага году, а некаторыя падчас апошняга «ўзмацненьня».
А вось такое ўмацаваньне на дарозе, якое прадэманстравалі ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала ОНТ як «узмацненьне мяжы», згодна з атрыманымі намі спадарожнікавымі здымкамі, было пастаўленае яшчэ ў лютым 2024 году каля пункту пропуску «Камарын».
«Адцягнуць увагу і расьцягнуць украінскія сілы»
15 жніўня у інтэрвію тэлеканалу «Россия» Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі вызначаныя брыгады і батальёна-тактычныя групы, па яго словах — каля 20, для дзеяньняў каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Ён адзначыў, што туды выведзена быццам бы да трэці ўзброеных сілаў Беларусі: «Лічыце, што траціну арміі мы вывелі, і нават на захадзе мы правялі мабілізацыю і перакінулі на поўдзень, на палігон падрыхтоўваць нашы часткі. Там таксама некалькі тысяч хлопцаў рыхтуюцца — заходняга, паўночна-заходняга кірунку».
Абаронны аналітык Конрад Музыка пракамэнтаваў у сацсетцы Х, што перакіданьне сілаў цяпер можа быць зьвязанае з падрыхтоўкай да шырокамаштабных двухбаковых вучэньняў Беларусі і Расеі, якія адбываюцца амаль штогод: «Нягледзячы на тое, што многія аспэкты сёлетніх вучэньняў падобныя да вучэньняў 2023 году, зона канцэнтрацыі прыкметна ссунулася. Асаблівую трывогу выклікае разгортваньне сілаў у Гомельскай вобласьці, якая служыла пляцдармам расейскіх войскаў падчас наступу на Кіеў у 2022 годзе».
Але экспэрт дадае, што вельмі важна захоўваць пільнасьць і ўважліва сачыць за намерамі Менску. Пры гэтым на дадзеным этапе, на яго думку, Беларусь наўрад ці разглядае наступальныя дзеяньні супраць Украіны.
«Наша доўгатэрміновая ацэнка, што Ўзброеным сілам Беларусі спатрэбіцца значнае павелічэньне жывой сілы шляхам мабілізацыі для правядзеньня любых наступальных апэрацый. Нават тады іх сіла ў асноўным абапіраецца на постсавецкую тэхніку, якая прайшла мінімальную мадэрнізацыю, што робіць іх кепска абсталяванымі для сучасных патрабаваньняў поля бою. Акрамя таго, Украіна моцна ўмацавала і замінавала многія раёны ўздоўж сваёй мяжы зь Беларусьсю, што азначае, што для посьпеху любой атакі з боку Беларусі спатрэбіцца велізарная колькасьць сілаў. Менск цяпер ня мае магчымасьці сабраць такія сілы», — лічыць Конрад Музыка.
Пры гэтым ён адзначае, што Лукашэнка можа пайсьці на некаторыя канфрантацыі, каб прымусіць украінцаў перакінуць некаторую частку войскаў зь іншых сваіх рэгіёнаў.
Пра тое, што ўварваньне беларускіх сілаў ва Ўкраіну малаімавернае, кажуць і аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).
«Цяперашняе нарошчваньне беларускіх сілаў уздоўж украінскай мяжы, падобна, мае на мэце адцягнуць увагу і расьцягнуць украінскія сілы ўздоўж шырэйшага фронту, бо, паводле ацэнак ISW, беларускія сілы, як і раней, з малой імавернасьцю ўварвуцца ва Ўкраіну — з прычыны абмежаваньняў, якія стаяць перад Аляксандрам Лукашэнкам», — гаворыцца ў паведамленьні Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) 26 жніўня.
ISW мяркуе, што ўварваньне Беларусі можа аслабіць рэжым Лукашэнкі. Аналітыкі адзначаюць, што з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў лютым 2025 году Лукашэнка, пэўна, захоча захаваць кантроль над грамадзкімі настроямі і ўплываць на сваіх вайскоўцаў, каб здушыць любыя пратэсты вакол выбараў, як у канцы 2020 году.
«Страта баяздольнасьці беларускімі вайскоўцамі, якая можа паўстаць у выніку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, зьнізіць здольнасьць Лукашэнкі душыць будучыя пратэсты. Магчыма, Лукашэнка таксама ня хоча ўцягвацца ў вайну Расеі з Украінай, каб пазьбегнуць унутрыпалітычных стратаў. Магчымая беларуская мабілізацыя, якая прывядзе да стратаў на полі бою, далейшай міжнароднай ізаляцыі Беларусі і нэгатыўных эканамічных наступстваў, хутчэй за ўсё, павялічыць грамадзкую незадаволенасьць і падарве намаганьні Лукашэнкі аднавіць стабільнасьць свайго рэжыму пасьля 2020 году», — гаворыцца ў аналізе ISW.
Як паведамляе Reuters, прэсавы сакратар памежных войскаў Украіны 27 жніўня чарговы раз заявіў, што Ўкраіна не фіксуе перасоўваньня беларускай тэхнікі, пэрсаналу паблізу ўкраінскай мяжы.
«Мы не фіксуем перамяшчэньня тэхнікі і асабовага складу ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы, але гэты кірунак у цэлым застаецца для нас пагрозай», — сказаў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў этэры ўкраінскага тэлебачаньня. Ягоная заява прагучала праз два дні пасьля таго, як Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала Беларусь адцягнуць, як яно выказалася, значную колькасьць беларускіх сілаў і тэхнікі, разгорнутых каля супольнай мяжы.
Тым часам як Аляксандар Лукашэнка і Міністэрства абароны заяўляюць пра вывядзеньне на мяжу быццам бы траціны беларускага войска, пра вялікую небясьпеку, па іх словах, нападу з боку Украіны і краін NATO, — у прапагандысцкіх мэдыя амаль ужо месяц гучаць навіны пра тое, што вайсковыя па ўсёй Беларусі дапамагаюць зьбіраць ураджай. Адзін з такіх сюжэтаў пад загалоўкам «Беларускія вайскоўцы працягваюць дапамагаць аграрыям па палях Магілёўшчыны» выйшаў на дзяржаўным ВаенТВ ужо пасьля пачатку так званага «ўзмацненьня мяжы».