Жодзінскую мэблевую фабрыку спрабуюць зьліквідаваць ужо 6 гадоў, а цяпер адкрылі справу аб банкруцтве. Гэта вынікае з інфармацыі, апублікаванай у Адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак аб банкруцтве, заўважыла выданьне «Люстэрка».
З заявай аб банкруцтве прадпрыемства зьвярнулася Менскае абласное ўпраўленьне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якому яно яшчэ ў 2020 годзе завінавацілася 5,3 тысячы беларускіх рублёў. Агулам жа Жодзінская мэблевая фабрыка вінаватая крэдыторам 219,6 тысячы рублёў.
Прадпрыемства знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі са сьнежня 2017 году, вынікае з судовага дакумэнту.
Тым ня менш за ім яшчэ лічацца чатыры гандлёвыя аб’екты, дзе прадаюць мэблю.
Суд адкрыў справу аб банкруцтве. Кіроўнай кампаніі трэба будзе праверыць, ці няма ў справе прыкметаў наўмыснага банкруцтва.
Жодзінская мэблевая фабрыка была заснаваная ў 2003 годзе, яна займалася вытворчасьцю мяккай мэблі і вырабаў з натуральнага каменю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз забараніў закупкі мэблі зь Беларусі