Рамесьнікі, якія выплачваюць рамесны збор, з 1 кастрычніка будуць абавязаныя плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Да 1 кастрычніка рамесьнікі маюць права ўдзельнічаць у сыстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня «па жаданьні» — то бок яны могуць плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, калі самі гэтага хочуць, або не плаціць, патлумачыла намесьніца кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Кацярына Ліхачова.
Паводле яе, пачынаючы з 1 кастрычніка рамесьнікаў чакаюць зьмены: усе яны будуць абавязаныя выплочваць унёскі ў бюджэт фонду.
Сума ўнёскаў будзе вылічвацца ад сумы, устаноўленай імі ў даходы, «але не ніжэй, чым з памеру мінімальнага заробку».
«Калі ў лічбах, гэта ў месяц 626 рублёў, памнажаем на 29%, штомесячная сума плацяжу — 181 рубель 54 капейкі», — патлумачыла Кацярына Ліхачова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі скароцяць колькасьць відаў рамеснай дзейнасьці. Каго пакінуць у пераліку21 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб рамеснай дзейнасьці. Паводле ўказу, пералік відаў рамеснай дзейнасьці істотна скароцяць, пакінуўшы ў ім «выключна самабытныя віды дзейнасьці». З 1 кастрычніка рэгістраваць фізычных асобаў у якасьці рамесьнікаў будуць на падставе гэтага пераліку, вызначыць які павінен Савет міністраў да 1 верасьня.
У залежнасьці ад рэжыму падаткаабкладаньня рамесьнікі могуць працаваць пасьля выплаты рамеснага збору ці падатку на прафэсійны даход. Пры гэтым удакладняецца, што мясцовыя органы могуць дазволіць рамесьніку працаваць пры аплаце рамеснага збору ў выпадках:
- наяўнасьці статусу народнага майстра,
- сяброўства ў Беларускім саюзе майстроў народнай творчасьці,
- працы на пасадзе майстра народных промыслаў (рамёстваў),
- атрыманьні пэнсіі па ўзросьце або за выслугу гадоў,
- інваліднасьці I або ІІ групы,
- пражываньні ў маланаселеным пункце (да 50 чалавек).
У астатніх выпадках рамесьнікі будуць плаціць падатак на прафэсійны даход — 10% ад даходаў.
Таксама ўказ прадугледжвае шэраг іншых зьменаў для рамесьнікаў: так, напрыклад, ён уводзіць забарону на выкарыстаньне ў рамеснай дзейнасьці прамысловых машын і абсталяваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі скароцяць колькасьць відаў рамеснай дзейнасьці. Каго пакінуць у пераліку