«Куршчына ўваходзіць у наш плян перамогі Ўкраіны... Адзін з напрамкаў, частка якога ўжо зроблена, — гэта Куршчына. Другі напрамак — стратэгічнае месца Ўкраіны ў інфраструктуры бясьпекі сьвету. Трэці напрамак — пакет прымусу, магутны пакет прымусу Расеі да заканчэньня вайны па дыпляматычным шляху», — цытуе Зяленскага ўкраінская служба Радыё Свабода.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што сярод мэтаў апэрацыі ў Курскай вобласьці, якія ён можа назваць, — спыненьне акупацыі Харкаўскай вобласьці, прадухіленьне захопу Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей, зьнішчэньне расейскіх войскаў і адцягваньне сілаў Расеі.
Зяленскі заявіў, што ў верасьні плянуе азнаёміць прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з плянам перамогі Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Акрамя гэтага, плян таксама будзе прадстаўлены кандыдатам на наступны прэзыдэнцкі тэрмін — Камале Гарыс і Дональду Трампу, заявіў Зяленскі.
Таксама Зяленскі зазначыў, што Ўкраіна не «акупуе» Курскую вобласьць Расеі, а стварае там буфэрную зону.
«Нам не патрэбныя чужыя землі і чужыя грамадзяне. Нашы людзі ня ставяцца да цывільных як зьвяры. Нашы вайскоўцы — нармальныя людзі, — заўважыў Зяленскі. — Нам вельмі важна ня быць такімі, як тыя, хто прынёс нам вайну і ўчыняў забойствы, згвалтаваньні падчас акупацыі. Ганаруся нашымі вайскоўцамі, што ў нас і блізка такога не было».
Таксама на прэс-канфэрэнцыі Зяленскі, сярод іншага, заявіў пра выпрабаваньне новай украінскай балістычнай ракеты. Падрабязнасьцяў ён не прывёў, заявіўшы, што ня можа адкрываць дэталяў. Прэзыдэнт Украіны назваў новую ракету першай у краіне.
Як расказаў сёньня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі, Узброеныя сілы Ўкраіны па стане на 27 жніўня кантралююць больш за 1294 квадратныя кілямэтры тэрыторыі і 100 населеных пунктаў у Курскай вобласьці Расеі.
«На Курскім напрамку ідзе наша наступальная апэрацыя. Адна з задач апэрацыі — адцягваньне значных сіл праціўніка зь іншых напрамкаў. Гэта тычыцца Курахаўскага, Пакроўскага напрамкаў. Вядома, вораг гэта разумее і працягвае засяроджваць асноўныя намаганьні на Пакроўскім напрамку, дзе сканцэнтраваныя найбольш дзеяздольныя яго часткі», — расказаў ён.
Сырскі дадаў, што Курская апэрацыя адцягнула вялікую колькасьць расейскіх сілаў. На цяперашні момант, паводле зьвестак украінскага боку, гаворка ідзе пра 30 тысяч вайскоўцаў, якіх ужо перакінулі ў Курскую вобласьць, гэтая лічба расьце.
«На Пакроўскім напрамку праціўнік, наадварот, павялічвае свае намаганьні», — канстатаваў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна выкарыстала амэрыканскія боепрыпасы для авіяўдару па Курскай вобласьці. У Пэнтагоне пракамэнтавалі- 6 жніўня Ўкраіна пачала раптоўны наступ у Курскай вобласьці Расеі. УСУ заяўляюць пра кантроль над дзясяткамі населеных пунктаў, сярод іх — райцэнтар Суджа. Расейскія ўлады такую інфармацыю альбо адмаўляюць, альбо не камэнтуюць. Аднак у Курскай вобласьці абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 18 жніўня заявіў, што ўкраінская апэрацыя ў Курскай вобласьці «ўсё яшчэ наносіць страты расейскай арміі і расейскай дзяржаве, іх абароннай прамысловасьці і эканоміцы».
- Паводле яго слоў, галоўная задача Ўкраіны — «зьнішчыць як мага больш расейскага патэнцыялу і правесьці максымум контрударнай працы» з мэтай стварэньня «буфэрнай зоны».
- У МЗС Украіны 13 жніўня заявілі, што краіна не зацікаўленая ў тым, каб забіраць тэрыторыю ў Курскай вобласьці Расеі, а хоча абараніць жыцьцё ўкраінцаў і засьцерагчыся ад расейскіх удараў.