Актор Дзьмітры Есяневіч выехаў зь Беларусі толькі ў сярэдзіне жніўня 2024 году. Увесь час пасьля адстаўкі з Купалаўскага тэатру ў 2020-м ён працягваў жыць на радзіме, пэрыядычна выяжджаючы за мяжу для ўдзелу ў розных праектах, у тым ліку сумесных з былымі калегамі па тэатры. У вялікай размове са Свабодай актор расказаў пра тое, што адбывалася з трупай у жніўні 2020-га, як ён жыў гэтыя чатыры гады ў Беларусі і чаму ўсё ж рашыўся на пераезд.
«Нават калі б іншыя не звальняліся, я б сышоў адзін»
— Летам 2020 году Купалаўскі тэатар рыхтаваўся да 100-годзьзя. Але незадоўга да юбілею, у апошнія дні жніўня большая частка трупы звольнілася на знак пратэсту. Ці не шкадуеце? Бо вы асабіста шмат чаго страцілі.
— Гэта было абсалютна правільнае рашэньне. А як яшчэ? «Паўлінку» плясаць, нагамі дрыгаць, на фоне гвалту граць камэдыі? У рэпэртуары ж было шмат камэдыйных спэктакляў. Нават калі б іншыя людзі не звальняліся, я б сышоў адзін ці зь яшчэ з парай чалавек, як было ў Рускім тэатры.
Дарэчы, Купалаўскі тэатар — адзіная дзяржаўная ўстанова, у якой атрымалася зрабіць страйк. Ва ўсёй Беларусі! Вось такое 100-годзьдзе атрымалася. Гэта і дзіўна, і нядзіўна. Таму што прайшло 100 гадоў, і нічога не мяняецца.
Я чуў такую гісторыю, што роўна праз 100 гадоў, у дзень, калі патануў «Тытанік», у 2012-м патануў самы вялікі ў сьвеце пасажырскі лайнэр (маецца на ўвазе круізны лайнэр «Коста Канкодыя», які патануў пасярод Атлянтычнага акіяну 13 студзеня 2012 году. Загінулі тады 32 чалавекі. — РС). https://chas.news/ru/past/titanik-xxi-veka-kak-10-let-nazad-zatonul-lainer-kosta-konkordiya)
Вось такое супадзеньне. Гэта што, выпадковасьць? Ці мы існуем у нейкім сьвеце, дзе за намі назіраюць? Зараз модная тэорыя, што мы ў нейкім сымулятары знаходзімся, у нейкай гульні, як у фільме «Матрыца». Па сутнасьці, з пункту гледжаньня гісторыі (і хто яе далей будзе перапісваць празь вялікі час) будзе напісана, што «Купалаўскі тэатар існуе» — будынак жа яго стаіць... Але 100-годзьдзе адзначылася вось такім масавым сыходам. Для гісторыі гэта будзе адзін абзац, можа, два-тры сказы. Або наадварот, штосьці больш грунтоўнае будзе напісана.
— У жніўні 2020-га была эўфарыя: людзі выходзілі на акцыі з усьмешкамі, кветкі ўскладалі нават да будынку Купалаўскага тэатру на знак павагі. Вы тады верылі ў перамены?
— Я закладаў больш вялікі час на ўсе зьмены, ён яшчэ не надышоў. Я дагэтуль веру.
«У 2020-м страціў працу, жытло. Затое нарадзіліся двайняты»
— Ва ўсіх купалаўцаў сем’і, дзеці, праблемы, пляны. Вы ішлі ў нікуды. Ці цяжка было прыняць рашэньне?
— Вядома, цяжка. Мы рэпэтавалі «Шагала», які так і не адбыўся, рыхтаваліся да юбілею. Мяне «херачыла» вельмі моцна тады. Я страціў працу, я страціў жытло, бо яно было зьвязанае з працай — сям’я жыла ў арандаванай кватэры ў «Магістры», дзе цяпер жывуць кадэбісты, міліцыянты. Дарэчы, для іх там яшчэ два дамы будуюцца. «Магістар» ператворыцца ў «Магістра ордэна інквізіцыі».
Прычым на падыходзе ў мяне было павелічэньне сям’і — жонка была цяжарная двайнятамі, чакаліся «дзеці рэвалюцыі». Так што эўфарыя хутка выпарылася, бо трэба было вырашаць штосьці з жытлом. Затое ў мяне нарадзілася «царская двойня», хлопчык і дзяўчынка, Фёдар і Стэфанія.
Дарэчы, калі нарадзілася старэйшая дачка Варвара, быў 2010 год, неўзабаве крызіс, рубель абваліўся ў тры разы. Усе пачалі вывозіць з краіны даляры, купляць лядоўні і г д. Тады ў мяне не было ні працы, нічога. І я з апошнімі 100 далярамі паехаў у Тарэспаль па пампэрсы і думаў, што я самы бедны і гаротны чалавек у сьвеце, мне так цяжка! Калі наступіў 2020 год, я падумаў: вярніце мяне назад у 2010-ы.
Так што ў 2020-м я апынуўся ў статусе шматдзетнага бацькі і безь нічога. А яшчэ праз 4 гады сям’я апынулася зноў безь нічога ў новай краіне — і зноў пачынай усё з нуля.
Зялёны пінжак з залатымі гузікамі
— Чаму Вы сталі акторам? Што прывяло ў Акадэмію мастацтваў? Як удалося паступіць зь першага разу?
— Я вучыўся ў спэцыялізаванай вайскова-патрыятычнай клясе ў 1997-1999 гадах, яна тады была экспэрымэнтальнай, першай у Беларусі. Але мы ня вытрымалі ісптытаў, нас расфармавалі, і паступалі ўжо хто куды хоча. Дарэчы, з нашай клясы толькі адзін чалавек стаў вайскоўцам.
У 16 гадоў па школьнай праграме я прачытаў «Майстра і Маргарыту» і ў мяне пайшоў нейкі «варушняк» на літаратуру, я шмат чытаў. Настаўніца па ўсясьветнай мастацкай культуры мне раіла паступаць на акторскі і нават падарыла кнігі Станіслаўскага.
Я спачатку сумленна пахадзіў на падрыхтоўчыя курсы ў матэматыцы і фізыцы — можа, у палітэх пайсьці? Але нічога не разумеў, што дзядзька тлумачыў на тых курсах. Ведаеце, ёсьць у «Radiohead» песьня «I’m not here» («Я ня тут»). У мяне было такое ж адчуваньне. «Не», — падумаў я. Пагартаў даведнік абітурыента. Акадэмія мастацтваў: байка, верш, проза, танцы, сьпевы. Гутарку ў тым годзе былі адмянілі. «О, добра, — думаю, — бо я яшчэ мала кніг пасьпеў прачытаць, а п’есаў, драматургіі наагул ня ведаю, непісьменны, малаадукаваны»...
Выбраў самы кароткі верш Маякоўскага — «А вы ноктюрн сыграть могли бы на флейте водосточных труб?». Проза — штосьці з «Сабачага сэрца». А байка... Усе чыталі «Дыплямаванага барана», і ён ужо так надакучыў камісіі! Кажу: «Кандрат Крапіва». Камісія моршчыцца. А я: «Дзед і баба». І пагнаў.
Самы складаны быў акторскі экзамэн, які доўжыўся цэлы дзень, з ранку да ночы. На іспыт прыйшоў у зялёным двубортным пінжаку з залатымі гузікамі. Мяне празвалі «дырэктарам саўгасу». І пад канец ужо думаў: «Ідзіце вы ўсе ў сраку, ніякіх акадэмій, пусьціце дадому, я жраць хачу і спаць». І пад канец — я ж гітару прынёс — засьпяваў «Гэта ўсё!» Юрыя Шаўчука. Паступіў.
«Пінігін мяне спачатку не выносіў»
— А як трапілі ў Купалаўскі? Няўжо адразу пасьля акадэміі?
— У канцы вучобы ёсьць такі працэс: «Купцы прыехалі». Яны глядзяць нашы дыплёмныя спэктаклі, я граў ва ўсіх. І мяне паклікалі ва ўсе тэатры: у Моладзевы, ТЮГ, у Рускі — (дзе галоўным рэжысэрам быў тады Барыс Луцэнка), і ў Купалаўскі. Я выбіраў паміж Рускім і Купалаўскім. Выбраў Купалаўскі. Браў мяне на працу тагачасны дырэктар Генадзь Давыдзька. Значыць, калі ёсьць да мяне прэтэнзэіі наконт «Белсату» задняй датай, то таксама можна выставіць прэтэнзіі да ўсіх, хто браў мяне на працу... А мастацкім кіраўніком быў Валер Раеўскі.
Я заяўляю адказна, што быў апошнім любімчыкам у творчым пляне Валера Мікалаевіча Раеўскага. Я прыйшоў у тэатар, мне адразу надавалі роляў. Я ў 23 гады граў Чычыкава!
Пасьля я пэўны час нічога значнага не іграў, потым крыху паігрываў. Калі мастацкім кіраўніком стаў Мікалай Пінігін, ён мяне проста не выносіў, нават хацеў звольніць! А я пераадолеў сытуацыю і нават стаў дапамагаць рабіць нейкія рэжысэрскія хады Пінігіну. Ён мяне запаважаў. І я стаў ужо ягоным любімчыкам. Гэта была такая доўгая трансфармацыя. Але нядоўга «музыка іграла». Калі ў мяне ўсё наладзілася ў Купалаўскім і я зноў стаў любімчыкам, усё хутка скончылася.
Ігра на барабанах
— А што вы рабілі гэтыя 4 гады пасьля 2020-га ў Беларусі? Ведаю, што вы здымаліся ў сэрыяле пра «Песьняроў», дзе ваш твар потым «заблюрылі».
— Я ж трапіў у «чорныя сьпісы» ў Беларусі. Што да сэрыялу «За паўгадзіны да вясны», гэта сумесны расейска-беларускі праект. Я прайшоў кастынг да ўсіх падзей 2020 году. Казалі, што я вельмі падобны да бубнача «Песьняроў» Аляксандра Дзямешкі. Да таго ж я граю на барабанах, і гэта аказалася самым галоўным. Дарэчы, Уладзіслаў Місевіч з «залатога» складу «Песьняроў» сказаў, што я лепш за Дзямешку граю на барабанах (сьмяецца).
А потым пачаліся нейкія абвастрэньні і загадалі «пераздымаць Есяневіча». Але ж цана была занадта вялікая і прасьцей было мяне заблюрыць, выразаць, пераагучыць. І мяне пакінулі.
Я з музыкай даўно зьвязаны. У 16 гадоў мне падарылі гітару, а барабаны зьявіліся, калі стаў студэнтам. Я зарабіў у нейкай рэкляме 60 ці 70 даляраў і купіў старую савецкую ўдарную ўстаноўку «Рыга», пайграў пару дзён дома, перавёз яе ў акадэмію — там ужо можна было шумець, бо мы ж акторы. Навучыўся граць і на фартэпіяна — падглядваў, як наша канцэртмайстарка грае, і сам навучыўся.
Потым быў спэктакль «Дванаццатая ноч» — там граў на бубнах. Так барабаны ўвайшлі ў жыцьцё і пастаянна суправаджаюць мяне. У 2022 годзе мы крыху пажылі ў Грузіі, у сябра была барабанная ўстаноўка ў доме каля мора, я дзяцей вучыў. Прыехаў у Беласток — тут студыя, электронныя барабаны ў сябра.
Я ўсім раю — гэта вельмі клясная тэрапія, гэта як камусьці грушу баксэрскую пабіць або японцы б’юць палкамі гумавыя лялькі ў выглядзе сваіх босаў, каб вымесьціць злую энэргію. Барабаны тое самае: ты б’еш у іх, кайфуеш — і фізычная праца, і маральнае задавальненьне.
— Акрамя сэрыялу пра «Песьняроў», што вы рабілі, як жылі гэтыя гады ў Беларусі?
— У 2021 годзе я працаваў на белсатаўскім праекце «Хай так», пакуль гэта было магчыма і яго не прызналі экстрэмісцкім. Таму на допытах я казаў, што праект жа ня быў забаронены, калі я на яго працаваў. Потым былі «ЧынЧынЧэнэлы», якія трымалі мяне на плыву і дагэтуль трымаюць. То бок, я езьдзіў здымацца за мяжу, каб утрымліваць сям’ю. Нядаўна прайшоў кастынг на ТНТ, праект быў вельмі выгадны. Але давялося ветліва адмовіцца. Доўга вагаўся і вырашыў выяжджаць.
«Каб сядзеў ціха, можа, ніхто б і не чапаў»
— А што стала апошняй кропляй? Многія калегі выехалі адразу, а вы так доўга трымаліся ў Беларусі.
— Прыкладна паўгода таму пры кожным вяртаньні ў Беларусі я павінен быў праходзіць праз размовы, глядзелі мой тэлефон, пыталіся, дзе я быў, што рабіў.
Кіроўцы аўтобуса адразу казалі: «Першымі ідуць людзі з украінскімі пашпартамі і самі ведаеце хто (маўляў, «нядобранадзейныя»). Я пытаўся: «Дык а мне езьдзіць можна?» — «Ну вы ж езьдзіце».
А аднойчы сказалі: «Чакайце, да вас прыйдуць». Другая парачка была прыязная, «на расслабоне»: «А дзе вы былі? У Бэрліне на кастынгу? Ой, як цікава». Разглядалі мае акторскія «корачкі». Жартавалі: «А дома з жонкай вы свае акторскія таленты «ўключаеце?» — «Ды не, дома маўчу ўвесь час»... А потым пачалі цікавіцца, чаму я часта ежджу за мяжу.
Ну а ў траўні 2024-га мяне зьнялі з аўтобуса на Вільню, дзе я павінен быў іграць спэктакль «Радыё Прудок», а потым ляцець у Тэль-Авіў. Па дарозе патэлефанавала жонка і сказала, што мяне шукаюць трое, прыходзілі дадому.
ГУБАЗіК мне кажа: «Каб сядзеў ціха, можа, цябе ніхто б і не чапаў. А ты празь мяжу часта ездзіш. Тым больш што ты „ЧынЧын“, зьвязаны зь „Белсатам“». Прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Суд праз скайп. Аказваецца, я лаяўся, крычаў, на заўвагі не рэагаваў. «Прызнаеце віну — будзе 10 сутак. Не прызнаеце — 15».
Далі 14 як шматдзетнаму бацьку і папярэдзілі, што, маўляў, паглядзім, што далей.
Мне хлопец кажа: «Гэта я вас выявіў і ў 2020 годзе, я вас выявіў і цяпер». Ён мяне выявіў!!! І пытаецца: «Ну і чаго вы дабіліся сваімі пратэстамі? Вось у нас усё добра, чыста, у 1990-я разабраліся з бандфармаваньнямі, парадак навялі, і цяпер так і будзе ўвесь час». Яму на выгляд гадоў 25-27, што ён ведае пра 1990-я, калі яго яшчэ не было? Проста мазгі прамытыя. Мне самому цікава, што зь імі адбываецца. Мабыць, інфармацыйнае запаленьне, заражэньне. Вось як біялягічны арганізм праз кроў заразіць і пачынаецца распад, так і на інфармацыйным узроўні гэта магчыма. Нейкае «перапрашываньне» мозгу ў іх адбываецца.
— Вы параўнальна нядаўна адседзелі 14 дзён на Акрэсьціна. Якія цяпер там настроі, умовы, атмасфэра?
— Акрэсьціна — вельмі страшнае слова пасьля 2020 году, гэта як гэстапа. Я за сваю адседку памяняў чатыры камэры, у кожнай свая атмасфэра. Людзі розныя: і бяздомныя, і мусульмане, і бэчэбэшнікі — хто за наколкі, хто за старыя рэпосты. Быў хлопец, які крычаў: «Я люблю Беларусь, я беларус, я люблю Менск». А «аформілі» яго, быццам крычаў «Жыве Беларусь!»
Думаю, што жорсткага на Акрэсьціна цяпер крыху менш, у параўнаньні з 2020-м. Але ў «палітычных» праверкі па два разы за ноч, сьвятло гарыць пастаянна, перапоўненыя камэры, дыхаць няма чым.
Пасьля адседкі выклікалі зноў у ГУБАЗіК, прыгразілі крыміналкай. Адчуваў сябе ў падвешаным стане яшчэ пару месяцаў. Усё ж вырашылі ехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш сьмеху, тым больш сьлёз». Як прайшла прэм’ера спэктакля паводле кнігі Максіма Знака«Спадзяюся, усё будзе нават „атлічна“»
— Якія пляны ў новай краіне? Ці верыце, што вернецеся ў свой Купалаўскі?
— Спадзяюся, будуць нейкія праекты, у тым ліку «ЧынЧынЧэнэл». Разумею, што з тэатрам тут будзе складана. Усё ўпіраецца ў грошы. Мы можам несьці беларушчыну, але я ня думаю, што палякам гэта вельмі цікава. А польскую культуру мы не настолькі дасканала ведаем, каб палякі пайшлі на нашы спэктаклі. У ідэале можна стварыць такі рэпэртуар: ставіць штосьці сучаснае, усясьветныя бэстсэлеры, штосьці польскае і кавалак беларускага матэрыялу — людзі ходзяць, глядзяць, гэта ўсё акупляецца. Але разумею, што гэта толькі ў ідэале і тэарэтычна. А рэальнасьць — яна зусім іншая.
А што вернемся, я не сумняваюся, я ведаю. Вернемся ня ўсе, вядома. Зойдзем у тэатар... І як мы далей будзем існаваць? Ці здолеем забыцца на ўсе зваркі, звады, што былі раней, непаразуменьні? Цікавае пытаньне...
Але, спадзяюся, усё будзе добра, нават «атлічна». У крайнім выпадку — не".