26 жніўня становішча на беларуска-ўкраінскай мяжы застаецца стабільным і кантраляваным. Пра гэта ў ранішнім этэры ўкраінскага тэлемаратону заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Ён падкрэсьліў, што ў ахове дяржаўнай мяжы зараз бяруць удзел памежнікі, Узброеныя сілы і Нацыянальная гвардыя, якія «цалкам кантралююць лінію мяжы». Нестандартных сытуацый за апошні час не адзначана. Перакіданьня вайскоўцаў ці вайсковай тэхнікі не зафіксавана.
«За тым, што адбываецца ў глыбіні тэрыторыі Беларусі, актыўна сочаць выведвальныя падразьдзелы, каб зразумець, наколькі можа зьмяніцца сытуацыя, каб быць гатовымі, калі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пачнуцца нейкія дзеяньні.
Але магу адзначыць, што ў непасрэднай блізкасьці ад нашай мяжы мы не адзначаем і не назіраем ні перамяшчэньня тэхнікі, ні перасоўваньня асабістага складу», — адзначыў Дземчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На фоне закліку Кіева адвесьці войскі ад мяжы ў Гомельскай вобласьці пачаўся новы этап праверкі тэраабароныТаксама ўкраінскі памежнік дадаў, што Расея на гэты момант ня мае ў Беларусі дастатковай групоўкі, каб атакаваць Украіну з поўначы.
Раней, увечары 25 жніўня, МЗС Украіны заявіла аб засяроджаньні значнай колькасьці асабістага складу і тэхнікі ўзброеных сіл Беларусі ля мяжы з Украінай пад выглядам вучэньняў, а таксама аб наяўнасьці там былых вагнэраўцаў. Ведамства заклікала рэжым Лукашэнкі «не рабіць трагічных памылак пад ціскам Масквы».
Група маніторынгу «Беларускі Гаюн», аднак, адзначыла, што групоўка беларускіх войскаў на мяжы з Украінай налічвае каля 1100 чалавек і не нясе пагрозы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: Беларусь сканцэнтравала войскі і ўзбраеньне на мяжы