Расея правяла адзін з самых масавых ракетных абстрэлаў Украіны, пацярпела 15 абласьцей

Наступствы ракетнага абстрэлу Адэскай вобласьці Ўкраіны. 26 жніўня 2024

Ёсьць ахвяры сярод цывільных і разбурэньні крытычнай цывільнай інфраструктры Ўкраіны.

Раніцай 26 жніўня Расея падняла ў неба 11 стратэгічных бамбавікоў, піша ўкраінская служба Свабоды са спасылкай на Паветраныя сілы Ўкраіны. А тэлеграм-каналы паведамілі пра пускі крылатых ракет «Калібр», імаверна, з акваторыі Чорнага мора. Паводле зьвестак ВМС УС Украіны, там на ўзбраеньні знаходзяцца чатыры расейскія караблі-ракетаносьбіты з агульным залпам да 28 ракет «Калібр».

У выніку масавай атакі Расеі на энэргетычную інфраструктуру пацярпела 15 рэгіёнаў Украіны, заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль:

«Праціўнік выкарыстоўваў розныя віды ўзбраеньня: БПЛА, крылатыя ракеты, „Кінжалы“. Ёсць параненыя і загінулыя. Шчырыя спачуваньні родным і блізкім», — напісаў Шмыгаль.

Наступствы расейскага абстрэлу Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны. 26 жніўня 2024

Ён адзначыў, што «мішэньню расейскіх тэрарыстаў стала энэргетычная інфраструктура. Ёсьць пашкоджаньні ў некалькіх рэгіёнах, і „Укренерго“ вымушана выкарыстоўваць аварыйныя адключэнні электраэнэргіі, каб стабілізаваць сыстэму».

«Гэта быў адзін з самых вялікіх удараў — у сукупнасці больш за сотню ракет розных тыпаў і каля сотні „шахедаў“. І, як і большасць папярэдніх расейскіх удараў, гэты такі ж подлы, нацэлены на крытычна важную цывільную інфраструктуру», — заявіў прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Наступствы расейскага ракетнага нападу ў Луцку. 26 жніўня 2024

Польшча пасьля атакі расейцаў на суседзяў падняла ў паветра сваю авіяцыю.

У 7:30 26 жніўня ВПС Украіны паведамілі, што ў паветры знаходзяцца 6 самалётаў Ту-22М3, а ў 9:30 — што з расейскага аэрадрому Савасьлейка падняўсяМіГ-31К. Таксама ў сваім Telegram-канале Вайскова-паветраныя сілы Ўзброеных сілаў Украіны падкрэсьліваюць, што гэта расейскі масавы камбінаваны ракетна-бесьпілётны ўдар па большасьці рэгіёнаў Украіны.

У 9:22 там напісалі, што абстрэл з боку расейскіх ударных БПЛА працягваецца. Атакавалі Палтаву, Цярнопаль і Хмяльніцкі. Паступаюць паведамленьні аб баявых дзеяньнях СПА і выбухах у Кіеўскай, Харкаўскай, Кіраваградзкай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Хмяльніцкай, Віньніцкай, Валынскай, Цярнопальскай, Львоўскай і іншых вобласьцях.

Кіраўнік вайсковай абласной адміністрацыі Запароскай вобласьці Іван Фёдараў паведаміў пра гібель аднаго чалавека. Пра яшчэ адну гібель — 69-гадовага мужчыны — напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай адміністрацыі Сяргей Лысак.

У Кіеве паранены адзін чалавек і фіксуюцца масавыя адключэньні сьвятла. Частковыя адключэньні адбыліся і на чыгунцы, інфармуе «Укрзалізниця». Парушыўся рух некаторых цягнікоў, украінскія чыгуначнікі ў некаторых выпадках вывелі з дэпо рэзэрвовыя цеплавозы.

Каля Луцку зьбілі «Шахед», ягонымі абломкамі пашкоджаны шматкватэрны будынак. Пра пацярпелых інфармацыі пакуль няма. Таксама на Захадзе Ўкраіны атакаваныя Львоў, Драгобыч і Стрый.

У Палтаўскай вобласьці пашкодзілі прамысловы аб’ект, параненыя 5 чалавек.

Людзей просяць ісьці ў бомбасховішчы, а таксама не фатаграфаваць разбурэньні, каб не даваць агрэсарам інфармацыі пра вынікі абстрэлу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва Reuters пацьвердзіла гібель свайго супрацоўніка ад удару Расеі па Краматорску

Атака на Саратаў і Энгельс

У той жа момант расейскія ўлады паведамілі пра атаку дронаў на Саратаў.

Раніцай 26 жніўня пры адбіцьці атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, праўдападобна, на авіябазу ў Энгельсе Саратаўскай вобласьці, адзін зь бесьпілётнікаў упаў на шматпавярховы дом у Саратаве, паведаміў губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін, піша расейская служба Свабоды.

Паводле Бусаргіна, адна жанчына пацярпела і была шпіталізаваная. Астатнім пацярпелым мэдычная дапамога аказваецца на месцы.

Як паведамляе расейскае дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя рэгіёну, у Саратаве ў выніку атакі бесьпілётнікаў пацярпелі чатыры чалавекі.

Яшчэ адзін бесьпілётнік пацэліў у дах дому ў Энгельсе, яго абломкі пашкодзілі два дзясяткі аўтамабіляў. У горадзе месьціцца вайсковы аэрадром, які раней ужо атакавала Ўкраіна. Справа ў тым, што там базуюцца цяжкія бамбавікі Ту-95 і Ту-22, якія падымаюцца для ўдараў па Ўкраіне.

Расейскія ўлады заявілі, што агулам за ноч зьбілі 20 дронаў, зь іх 9 над Саратаўскай вобласьцю.

Наступствы падзеньня дрона ў горадзе Энгельс Саратаўскай воласьці. 26 жніўня 2024

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі, што расейскі дрон перасек мяжу Беларусі пасьля атакі на Чарнігаўскую вобласьць

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.