Паўлу Дураву працягнулі ўтрыманьне пад вартай у Францыі, а Telegram упершыню пракамэнтаваў ягонае затрыманьне

Павел Дураў

Павел Дураў працягвае заставацца ў зьняволеньні пасьля затрыманьня ў парыскім аэрапорце.

Улады Францыі працягнулі ўтрыманьне заснавальніка Telegram Паўла Дурава пад вартай яшчэ на 48 гадзін. Пра гэта паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на крыніцы, блізкія да расьсьледаваньня.

Утрыманьне пад вартай, паводле францускіх законаў, можа доўжыцца ня болей за 96 гадзінаў, пасьля гэтага судзьдзя або выстаўляе абвінавачаньні чалавеку, або адпускае яго на волю. Пры гэтым працягнуць тэрмін утрыманьня пад вартай суд можа толькі аднойчы.

Каманда Telegram тым часам упершыню пракамэнтавала затрыманьне Паўла Дурава.

«Абсурдна сьцьвярджаць, што плятформа або яе ўладальнік нясе адказнасьць за злоўжываньне гэтай плятформай», — гаворыцца ў ім. Там дадалі, што мільярд карыстальнікаў па ўсім сьвеце выкарыстоўвае Telegram як сродак сувязі і крыніцу важнай інфармацыі.

Таксама каманда адзначыла, што Дураву няма чаго хаваць і ён часта падарожнічае па Эўропе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францускія СМІ паведамілі пра арышт Паўла Дурава ў Парыжы

Тэлеканал TF1/LCI сьцьвярджае, што Дурава затрымалі таму, што «ён не супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі, а плятформа, якой ён валодае, не мадэравала зьмест, які робіць яго саўдзельнікам злачынстваў (гандаль наркотыкамі, махлярства і злачынствы супраць дзяцей)».

Францускае грамадзянства Дураў атрымаў у 2021 годзе. Апошнія гады ён жыў у ААЭ. Ён прыляцеў у Парыж, як паведамлялася, з Азэрбайджану, дзе 18-19 жніўня знаходзіўся зь візытам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Плятформа аспрэчвае чуткі пра тое, што Дураў мог у Баку сустракацца з Пуціным.

У цяперашні момант Дураў знаходзіцца ў міграцыйнай турме ў аэрапорце Ле-Буржэ. У Францыі яму можа пагражаць да 20 гадоў зьняволеньня.

Раней у інтэрвію Financial Times уладальнік Telegram адзначыў, што кампанія зьбіраецца на IPO (першаснае публічнае разьмяшчэньне акцый). У сваім першым за 7 гадоў інтэрвію Дураў ацаніў кампанію ў 30 мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра затрыманьне заснавальніка Telegram Дурава ў Парыжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі 9 чалавек па падазрэньні ў працы на ФСБ