Узнагароды Free Media Awards за 2024 год уручаць 6 журналістам і СМІ зь Беларусі, Грузіі, Украіны, Азэрбайджану, Расеі і, упершыню, Вугоршчыны, паведамляе БАЖ. Сярод ляўрэатаў — гомельская журналістка Ларысы Шчыракова, якая цяпер за кратамі ў Беларусі.
Цырымонія ўручэньня прэмій пройдзе 17 верасьня 2024 году ў Нарвэскім Нобэлеўскім інстытуце, абвясьцілі заснавальнікі прэміі нямецкі фонд Zeit-Stiftung і нарвэскі фонд Fritt Ord. Беларуская журналістка Ларыса Шчыракова атрымае прэмію Free Media Award за сваю «доблесную і незалежную дзейнасьць у Беларусі». Цяпер яна знаходзіцца за кратамі ў Беларусі як палітычная зьняволеная.
«Як журналіст-фрылансэр Ларыса Шчыракова зьвярнула ўвагу на забытыя ахвяры сталінскага прыгнёту. Зьняла дакумэнтальны фільм „Забітыя і забытыя“, у якім задакумэнтавала гісторыі сваякоў рэпрэсаваных дысідэнтаў.
Ларыса Шчыракова была апорай для журналістаў-фрылансэраў на Гомельшчыне, яна ўпарта працавала на міжнародным узроўні, каб зрабіць працу журналіста-фрылансэра ў Беларусі легальнай. Яна сама была першай журналісткай-фрылансэркай у Беларусі, якую аштрафавалі нібыта за „працу на замежнае СМІ“. Ларыса Шчыракова адважна асьвятляла, як у Беларусі змагаліся з пандэміяй і пратэстамі пасьля яе», — гаворыцца ў паведамленьні нямецкага фонду Fritt Ord, які зьяўляецца адным з заснавальнікаў прэміі.
Прэмію таксама атрымаюць:
- Грузінская журналістка Настасься Арабулі, за сваю адважную незалежную журналістыку.
- Журналісцкі калектыў Bihus.Info з Украіны за свае паглыбленыя, крэатыўныя расьсьледаванні карупцыі і дакладнае дакумэнтаванне ваенных злачынстваў, у тым ліку з фронту.
- Журналіст і рэдактар Сабалч Пані з Вугоршчыны, за сваю унікальную, нястомную расьсьледніцкую журналістыку.
- Незалежная азэрбайджанская навіновая плятформа Abzas Media, за сваю рашучую, сыстэматычную расьсьледніцкую журналістыку.
- Расейскі журналіст, рэдактар і выдавец Міхаіл Афанасьеў, за свае бескампрамісныя, адважныя рэпартажы зь Сібіру ў Расеі.
Free Media Awards — нямецка-нарвэская прэмія для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Зацьверджаная ў 2000 годзе нямецкім фондам Zeit-Stiftung і нарвэскім фондам Fritt Ord.
Усіх кандыдатаў вылучылі міжнародныя інстытуты і арганізацыі, якія дзейнічаюць ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, або экспэрты па рэгіёне. Міжнароднае журы выбрала ляўрэатаў прэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне дэманстравалі салідарнасьць з палітзьняволенай журналісткай Ларысай Шчыраковай- Восеньню 2023 году гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову асудзілі на тры з паловай года зьняволеньня ў калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Паводле матэрыялаў справы, Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Таксама яе абвінавацілі ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для «Вясны» і «Белсату».
- Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні правоў Ларысы Шчыраковай на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- У канцы верасьня 2023 году журналістку этапавалі з гомельскага СІЗА ў жаночую папраўчую калёнію № 4, дзе яна працуе швачкай.