Больш за 600 жыхароў пакінулі свае дамы з прычыны працягу дэтанацыі боепрыпасаў на складзе ў Астрагоскім раёне Варонескай вобласьці Расеі, паведаміла прэс-служба рэгіянальнага ўраду. Склад загарэўся ў ноч на 24 жніўня — як сьцьвярджаецца, пасьля атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў.
Паведамляецца, што да раніцы 25 жніўня «спынілася актыўная фаза дэтанацыі выбухованебясьпечных аб’ектаў» і на месцы здарэньня пачалі працаваць групы разьмінаваньня. Такім чынам, выбухі на складзе працягваліся больш за суткі, адзначае «Сибирь.Реалии».
Уезд у населеныя пункты, зь якіх зьехалі жыхары, цяпер катэгарычна забаронены. У асобных месцах працягвае дзейнічаць рэжым надзвычайнага становішча.
Пры выбухах на складах пацярпелі дзьве мясцовыя жыхаркі: адну шпіталізавалі ў цяжкім стане, другая атрымала мэдыцынскую дапамогу на месцы.
Ратавальнікі арганізавалі для эвакуацыі жыхароў некалькі пунктаў часовага разьмяшчэньня, аднак, амаль усе жыхары небясьпечных раёнаў пераехалі да сваякоў, адзначаецца ў паведамленьні.
- У ноч на 24 жніўня дроны сама меней двойчы атакавалі Варонескую вобласьць Расеі. Губэрнатар рэгіёну Аляксандар Гусеў сьцьвярджаў, што бесьпілётнікі зьбілі і што склад боепрыпасаў загарэўся ад іх абломкаў. Ад пажару пачалася дэтанацыя «выбухованебясьпечных аб’ектаў».
- У горадзе Астрагожск знаходзіцца цэнтар па падрыхтоўцы малодшых спэцыялістаў аўтабранятанкавай службы, зьвярнула ўвагу «Астра». Таксама да траўня там плянавалі адкрыць выставу, прысьвечаную захопу ўкраінскага Марыюпаля.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны расейскія прымежныя рэгіёны пэрыядычна трапляюць пад абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі заяўляе, што адбівае атакі, але мясцовыя ўлады і СМІ паведамляюць пра разбурэньні і ахвяраў. Украінскі бок гэтую інфармацыю ў большасьці выпадкаў не камэнтуе.