Харчова-вэтэрынарная служба Латвіі з 25 жніўня будзе праводзіць узмоцнены кантроль розных беларускіх і расейскіх тавараў у пунктах памежнага кантролю, паведамляе Delfi.
Узмоцненыя праверкі праводзяць «у мэтах абмежаваньня рызыкаў для здароўя людзей і жывёл, а таксама, у выпадку генэтычна мадыфікаваных арганізмаў, для навакольнага асяродзьдзя».
Як паведамляе Харчова-вэтэрынарная служба Латвіі, рашэньне аб узмацненьні кантролю прынялі паводле распараджэньня галоўнага харчова-вэтэрынарнага інспэктара на аснове ацэнкі вынікаў кантролю за пэрыяд з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024 году. Гэтыя вынікі паказалі, што на кантроль па-ранейшаму працягваюць паступаць партыі харчаваньня і кармоў беларускага і расейскага паходжаньня, пры гэтым «захоўваюцца асьцярогі наконт іх бясшкоднасьці», асабліва ў пачатку новага сэзону збору ўраджаю.
Узмоцненыя меры кантролю будуць дзейнічаць да 23 лютага 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва рыхтуе сьпіс тавараў, якія забароняць правозіць транзытам у Беларусь і Расею