Падпісаны прэзыдэнтам закон уступае ў сілу праз 30 дзён пасьля апублікаваньня.
20 жніўня Вярхоўная Рада ўхваліла законапраект № 8371, які забараняе Рускай праваслаўнай царкве і зьвязаным з ёй рэлігійным арганізацыям дзейнасьць ва Украіне. Закон, у прыватнасьці, прадугледжвае, што Руская праваслаўная царква ня можа быць уласьнікам, удзельнікам юрыдычных асоб, зарэгістраваных ва Украіне.
Як адзначыў у камэнтары кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкага аддзела УПЦ (Маскоўскага Патрыярхату) мітрапаліт Клімэнт, гэты закон тычыцца рэлігійных арганізацый, зьвязаных з замежнымі цэнтрамі, і УПЦ, паводле яго слоў, ня мае зь імі адміністрацыйных сувязяў, і калі кагосьці ў гэтым абвінавацяць, то гэта будзе «надзвычай маніпулятыўна», бо няма ніводнага ўкраінскага дакумэнта, які гэта пацьвярджае, працягнуў мітрапаліт.
Рэлігійная экспэртыза статута Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) паказала наяўнасьць царкоўна-кананічнай сувязі з Рускай праваслаўнай царквой, паведаміла Дзяржаўная служба па этнапалітыцы і свабодзе сумленьня. У службе кажуць, што УПЦ працягвае знаходзіцца ў падпарадкаваньні РПЦ.
Украінская Праваслаўная Царква (МП) назвала гэту рэлігіязнаўчую экспэртызу «незаконнай, праведзенай з парушэньнем заканадаўства».
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну ў траўні 2022 году Ўкраінская праваслаўная царква (МП) абвясьціла курс на незалежнасьць ад Маскоўскага патрыярхату, заявіла аб незалежнасьці і незалежнасьці ад Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйтынг Пуціна ўпаў пасьля наступу Украіны ў Курскай вобласьці